Пра што пісала «Браслаўская звязда» 40 гадоў таму назад (чэрвень 1979-га)

Калейдоскоп

ЛЕТНІ АДПАЧЫНАК ПРАЦОЎНЫХ

У нашай краіне намаганнямі Камуністычнай партыі, урада, прафсаюзаў, гаспадарчых арганізацый створана салідная матэрыяльная база, якая дазваляе кожнаму чалавеку ажыццявіць права на адпачынак, гарантаванае Канстытуцыяй. У тым ліку і браслаўчанам. Многія з іх, атрымаўшы запаветную пуцёўку, збіраюцца ў дамы адпачынку, санаторыі, турыстычныя падарожжы — такіх у раёне каля 500 чалавек. Асаблівую папулярнасць атрымалі арганізаваныя экскурсіі. У гэтым годзе ўжо адбыліся паездкі ў Брэсцкую крэпасць, Ленінград, Вільнюс.

ДА ШЧАСЛІВАГА ЖЫЦЦЯ

Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту масавага пераходу сялян Браслаўшчыны на сацыялістычныя рэйкі гаспадарання. Некаторыя ж хлебаробы раёна аб’ядналіся ў калгасы на базе панскіх маёнткаў яшчэ ў 1940 годзе. Разняволеныя сяляне самааддана працавалі ў калектывах. Але мірную працу перапыніла вайна. Пасля аднаўлення разбуранай гаспадаркі карэнны пералом адбыўся ў 1949 — 1950 гг.: у раёне была поўнасцю праведзена калектывізацыя. Шчасліва зажылі сяляне. Цяпер у нас дзейнічаюць 30 буйных калгасаў і 5 саўгасаў.

МІРАЖ НА ЗАМКАВАЙ

Каля шасці гадоў таму назад Замкавую гару вырашылі зрабіць месцам адпачынку гараджан. Выклалі немалыя сродкі: качэлі-каруселі і розныя іншыя атракцыёны патрабавалі затрат. І вось на гару паваліў народ, ля касы выстройвалася доўгая чарга. Праўда, радаваліся жыхары Браслава два гады. Затым звольніўся вартаўнік, новага знайсці не ўдалося, а можа, і не хацелі. Атракцыёны былі разбураны. У каго сэрца раней заходзілася ад скорасці, цяпер сціскаецца ад скрухі. Браслаўчане ўспамінаюць пра дзеючы комплекс як пра міраж, які ўзнік і прапаў на вачах.

«БРАСЛАЎСКІМ ЗАРНІЦАМ» НАСУСТРАЧ

Самадзейныя артысты раёна рыхтуюць вялікую канцэртную праграму да традыцыйнага фестывалю «Браслаўскія зарніцы», які прысвячаецца 35-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праграма разнастайная і насычаная. У фестывалі прымуць удзел дзевяць харавых калектываў, шматлікія сталыя і юныя самадзейныя спевакі і танцоры з усяго раёна. «Браслаўскія зарніцы» — наша традыцыйнае свята. А на свята заўсёды запрашаюць гасцей. Будуць яны і ў нас: прыедуць суседзі з Латвіі і Літвы, госці з Мінска.

ПІЯНЕРСКАЕ ЛЕТА

Летні час — адказная пара для тых, хто арганізуе адпачынак школьнікаў, клапоціцца, каб канікулы прайшлі з найбольшай карысцю. Настаўнікі, выхавальнікі сёлета асаблівую ўвагу павінны звярнуць на інтэрнацыянальнае выхаванне піянераў і школьнікаў. Неабходна пастаянна знаёміць рабят з жыццём іх аднагодкаў за мяжой, арганізоўваць выступленні ў падтрымку дзяцей з краін, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасць, праводзіць святы «За дзяцінства шчаслівае дзякуй, родная краіна!», мітынгі, гутаркі і палітычныя агляды «Два светы — два дзяцінствы».

УСЁ ЦЯЧЭ…

Усё цячэ, усё мяняецца, сцвярджаў старажытны мысліцель. Жыхары Друі прызнаюць у гэтай філасофіі толькі першую яе частку — «усё цячэ». Бо як цяклі калонкі на вуліцах гарпасёлка, так і цякуць. Праўда, мяняюцца начальнікі раённага камбіната камунальных прадпрыемстваў, аднак нарастаючая цякучасць службовых суб’ектаў не аказала якасна новага ўплыву на водаправодныя аб’екты. Дзіва толькі, як вытрымліваюць кіраўнікі райкамунгаса напор пісьмаў і скаргаў, што цякуць у іх адрас з Друі.

АБ’ЯВЫ

– На складах раённай нарыхтоўчай канторы ў г. Браславе і г. п. Відзы для атаварвання рыззя, макулатуры, чорнага і каляровага металалому маюцца фламастары, жавальная гума, закатачныя крышкі. Просьба здаваць другасную сыравіну!

– Таварышы калгаснікі, рабочыя, служачыя, пенсіянеры і школьнікі! Разводзьце трусоў! Актыўна бярыцеся за гэтую цікавую і карысную справу! Уступайце ў члены таварыства трусаводаў! ■