Браслаўскія школьнікі ствараюць і праграмуюць робатаў

Главное Отдых
Безумоўна, побыт, а значыць, і жыццё сучаснага чалавека становіцца з кожным днём лягчэйшым, бо механічных памочнікаў з’яўляецца ўсё больш. І недалёка той час, калі робаты, напэўна, будуць паўсюль. Так, можна ўзгадаць кадры з вядомага фільма, дзе ідзе вайна паміж машынамі і людзьмі. Аднак юныя вынаходнікі з Браслава Аляксандр Сергяевіч і Уладзімір Сіпко трывала ўпэўнены, што паўстанне робатаў нашаму свету не пагражае.

Вучні другой гарадской школы пад кіраўніцтвам свайго настаўніка Уладзіміра Скіндэрскага ў клубе «Юны айцішнік» самі іх збіраюць і праграмуюць. Зразумела, працэс гэты вельмі складаны. Тут трэба добра ведаць фізіку і інфарматыку. Калі Уладзімір, вучань 8 класа, знаёмы з фізічнымі законамі ўжо не першы год, то шасцікласніку Аляксандру даводзіцца вывучаць гэты прадмет адразу на практыцы. А вось з камп’ютарнымі праграмамі абодва спраўляюцца даўно. Гэтыя веды і памкненні да самаўдасканалення падштурхнулі хлопцаў стварыць разумныя машыны сваімі рукамі.

Мадэль «Разумны дом» мае датчыкі вуглякіслага газу, руху, гуку і асвятлення. Мабільны робат «Барсік» можа рухацца па любой траекторыі і самастойна вылічвае адлегласць шляху. Як запэўніваюць юныя канструктары, гэта далёка не ўсе іх магчымасці.

— Робататэхніка, — кажа Уладзімір, — працэс творчы, бо тут магчыма ўвасобіць усе свае тэхнічныя ідэі. Машына можа быць самага рознага выгляду і надзелена разнастайнымі функцыямі. Сама зборка — справа лёгкая. Крыху складаней запісаць свае жаданні ў код праграмы.

Тым не менш хлопцы выдатна спраўляюцца з гэтымі задачамі. І, галоўнае, не спыняюцца на дасягнутым. У іх планах — далей «развіваць» функцыі сваіх машын, а таксама ствараць новыя, больш дасканалыя.

Адміністрацыя школы падтрымлівае захапленне вучняў і набыла неабходнае абсталяванне для ўвасаблення іх вынаходніцкіх ідэй. Цяпер толькі застаецца дачакацца, калі юныя робататэхнікі заявяць пра сябе на абласным і рэспубліканскім узроўнях, а там, глядзіш, і на міжнародным. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.