Як працуе служба «адно акно» Браслаўскага райвыканкама

Новости
У лістападзе мінулага года служба «адно акно» пры райвыканкаме змяніла месца свайго знаходжання: з галоўнага адміністрацыйнага будынка перамясцілася ў прыбудову.

Тут, у прасторным фае першага паверха, абсталявана зручнае для наведвальнікаў месца, каб спакойна пасядзець у чаканні сваёй чаргі да інспектара сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, калі яна іншым разам выпадкова ствараецца, напісаць за асобным рабочым сталом патрэбную заяву. Усё для гэтага, як кажуць, пад рукамі: канцылярскія прыналежнасці, узоры заяў па самых запатрабаваных адміністрацыйных працэдурах змешчаны на стэндзе, больш «вузкія» знаходзяцца ў раскладзеных па профільных накірунках папках.

А зацікаўленых асоб, якія прыходзяць у «адно акно» з рознымі жыццёвымі патрэбамі, сапраўды шмат. Толькі заяў праз гэту службу сёлета прайшло ўжо каля 700 штук, не лічачы кансультацый. Дарэчы, інспектар сектара Марыя Бялусь падчас гутаркі заўважыла, што спецыялісты райвыканкама тут жа адклікаюцца на яе тэлефонны званок і прыходзяць пагутарыць з грамадзянінам, калі яго пытанні закранаюць праблемы вузкай спецыялізацыі. Увогуле ж Марыя Анатольеўна прымае заявы, а праз пэўны час выдае падрыхтаваныя структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама рашэнні па звыш 150 найменнях адміністрацыйных працэдур. Праўда, часцей за ўсё людзі звяртаюцца ў «адно акно» з заявамі аб выдачы дазволаў для правядзення рэканструкцыі памяшканняў, дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва жылых дамоў, аб пастаноўцы на ўлік дзіцяці, якога трэба ўладкаваць у дашкольную ўстанову, аб рэгістрацыі дагавораў найму жылых памяшканняў у прыватным жылым сектары.

Зразумела, што для здзяйснення гэтых і іншых працэдур неабходны адпаведныя дакументы. Служба «адно акно» выконвае такую важную сацыяльную задачу, каб грамадзяне маглі звярнуцца з заявай па розных пытаннях ва ўпаўнаважаны орган з мінімальнай колькасцю дакументаў. Напрыклад, каб стаць на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, заяўнік прыходзіць у службу толькі з пашпартам і пасведчаннем аб нараджэнні дзяцей. Інспектар жа збірае па розных інстанцыях даведкі, звесткі, копіі. У асобных выпадках колькасць неабходных папер можа даходзіць да трынаццаці. Калі ўсе дакументы сабраны, Марыя Бялусь перадае іх выканаўцу ў структурнае падраздзяленне райвыканкама для праверкі і падрыхтоўкі рашэння. Не пазней, чым праз месяц, грамадзянін зможа забраць яго ў «адным акне» ці атрымаць па пошце (выбірае сам) і даведацца, пастаўлены ён на ўлік ці не.

Закон не забараняе збіраць патрэбныя дакументы і самастойна. Але ж колькі патрэбна для гэтага часу і сіл! Не марнаваць іх якраз і дапамагае «адно акно». ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.