Браслаўчанка перамагла на абластным конкурсе прафесійнага майстэрства

Люди

Надзея Кухаронак (у цэнтры) сярод пераможцаў конкурсу прафмайстэрства.

Напрыканцы мая ў Віцебску прайшоў традыцыйны конкурс прафесійнага майстэрства сярод паштовых работнікаў. Ён дапамагае вызначыць лепшых з лепшых, абмяняцца накопленым вопытам, праявіць сябе з прафесійнага боку, а разам з гэтым — павысіць узровень якасці і канкурэнтаздольнасці паштовых паслуг.

У конкурсе прафмайстэрства прымалі ўдзел паштальёны і аператары сувязі. Сярод 23 лепшых аператараў вобласці перамога дасталася аператару аддзялення паштовай сувязі «Браслаў-2» Надзеі Кухаронак. У першым туры Надзея выдатна прайшла прафесійны тэст і адказала на 60 пытанняў.

У другім аператары на працягу гадзіны выконвалі практычныя заданні: адпраўлялі міжнароднае пісьмо ў Славенію, афармлялі дагавор страхавання, па даверанасці выплачвалі пенсію, тлумачылі перавагі такіх паслуг, як MAX і E-commerce. Надзея Кухаронак дасканала выканала і гэтыя заданні і па суме набраных у абодвух турах балаў стала лідарам конкурсу прафмайстэрства. ■

Казімір ПЯТУШКА.