Татарская суполка на Браслаўшчыне: гісторыя і традыцыі

Новости
Здаўна на Браслаўшчыне ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і рознага веравызнання. Знайшлі на нашых гасцінных землях прытулак і татары.

ГІСТАРЫЧНЫ ЭКСКУРС

Па гістарычных звестках, першая татарская суполка ўзнікла ў г. п. Відзы ў канцы XVIII ст. Тут жа ў 1857 годзе была ўзведзена драўляная мячэць, якую знішчылі ў гады Першай сусветнай вайны. Групуючыся вакол храма, татары змаглі захаваць свае традыцыі, абрады і звычаі. У 1888 годзе на браслаўскіх землях налічвалася 239 татараў.

З цягам часу яны пачалі ўсё больш «абеларушчвацца»: карыстацца местачковай мовай, браць шлюб з прадстаўнікамі іншых рэлігій, пераймаць мясцовы ўклад жыцця.

Тым не менш прытрымліваліся канонаў сваёй рэлігіі. І ў 1934 г. у Відзах ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта адноўленая мячэць, якая дзейнічала да канца 40-х гадоў. У савецкі перыяд барацьбы з рэлігіяй яе закрылі, і будынак пэўны час выкарыстоўваўся пад гаспадарчыя патрэбы, а потым наогул быў разбураны.

ЗАХАВАЛЬНІК ТРАДЫЦЫЙ І АБРАДАЎ

Па даных перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 года, на тэрыторыі нашага раёна пражываў 61 татарын. Як бачна, на сённяшні дзень татара-мусульманская суполка Браслаўшчыны невялікая. Яе старшынёй на агульным сходзе абраны відзаўчанін Аляксандр Ясінскі, у якога дзед доўгі час быў імамам у Відзаўскай мячэці.

Заснавальнікам яго роду з’яўляецца Кульзіман, пра што і запісана ў рэестры ўланскага палка Вялікага Княства Літоўскага ад 1567 г. Яго нашчадкі таксама за добрасумленную службу ў войску атрымалі тытул шляхецтва і свой герб «Страла». Гэтыя звесткі перадаюцца ў сям’і А. Ясінскага з пакалення ў пакаленне і беражліва захоўваюцца.

— На жаль, — кажа Аляксандр, — колькасць членаў нашай суполкі скарачаецца. Гэта выклікана перасяленнем моладзі ў горад, дзе ад рэлігіі іх адцягвае масавая культура і слабая сувязь са старэйшым пакаленнем.

Тым не менш, адзначае Аляксандр, значныя рэлігійныя святы Ураза-байрам і Курбан-байрам адзначаюць усе веруючыя мусульмане.

ІСЛАМ — РЭЛІГІЯ МІРАЛЮБІВАЯ

— Усе мы жывём дружнай сям’ёй, — адзначае А. Ясінскі, — прытрымліваемся сваіх рэлігійных традыцый і з павагай адносімся да іншых.

Яскравы таму прыклад: жонка Аляксандра — праваслаўная. Але бралі шлюб маладыя па мусульманскім абрадзе. І больш за 20 гадоў жывуць душа ў душу. У адным пакоі дома вісяць праваслаўныя іконы, у другім — выразы з Карана.

Іслам, падкрэслівае суразмоўца, мірная і дружалюбная рэлігія. У Каране запісаны такія ж запаведзі, што і ў Бібліі. У сваіх пропаведзях імамы вучаць прыхаджан дабрыні, цярпімасці і справядлівасці.

— І вельмі балюча, — кажа А. Ясінскі, — калі некаторыя людзі здзяйсняюць дрэнныя ўчынкі, прыкрываючыся словам «джыхад». А яно найперш азначае духоўную барацьбу з самім сабой і сваімі спакусамі.

Зразумела, як і ва ўсіх рэлігіях, у ісламе ёсць свае адметнасці. Напрыклад, пры ўваходзе ў малітоўны зал мячэці веруючыя здымаюць абутак, выстройваюцца роўнымі шэрагамі, прычым уперадзе мужчыны, а за імі — жанчыны. Але гэтаму ёсць сваё тлумачэнне. Абутак здымаюць, каб не нанесці гразі ў чыстае месца, якім з’яўляецца мячэць. А прамыя шэрагі і аддзеленасць прадстаўнікоў розных палоў падчас малітвы для таго, каб засяродзіць увагу толькі на сувязі з Алахам, а не на разглядванні свайго суседа.

СПРАВЫ АГУЛЬНЫЯ

Шмат дзесяцігоддзяў відзаўскія татары жывуць у міры з карэнным насельніцтвам мястэчка і цесна ўзаемадзейнічаюць з кіраўніцтвам сельсавета. Разам яны вырашаюць агульныя задачы і праблемы. Па звароце старшыні татарскай суполкі мясцовая ўлада дапамагла адрамантаваць дарогу на могілкі. Відзаўскае лясніцтва выдзеліла 70 саджанцаў елачак, якія члены аб’яднання высадзілі на мізары. Ды і ў астатніх справах нашы суседзі-татары заўжды актыўна ўдзельнічаюць у агульных работах па добраўпарадкаванні сваёй малой радзімы, бо яна для нас агульная. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.