Навабранцы з Браслаўскага раёна адправіліся на службу ў армію

Новости
 Не так даўно каля 20 маладых браслаўчан атрымалі павесткі.

— Ужо з лютага, — кажа начальнік групы прызыву райваенкамата Уладзімір Шымуковіч, — прыступілі да работы медыцынскія і прызыўныя камісіі, задача якіх — адабраць у армію фізічна і псіхалагічна здаровых юнакоў. Трэба адзначыць, што медагляд прызыўнікоў вядзецца вельмі пільна і з усёй адказнасцю.

І сапраўды, здараюцца выпадкі, калі менавіта тут дыягнасціруюцца захворванні, пра якія не ведалі ні самі хлопцы, ні іх бацькі. Як адзначае У. Шымуковіч, большасць юнакоў атрымліваюць у ваенным білеце паметку «годны».

— Ужо паспеў атрымаць спецыяльнасць майстра лесу ў Полацкім лясным каледжы, — кажа браслаўчанін Уладзіслаў Скур’ят. — У армію іду спакойна, без асаблівых перажыванняў. Размовы пра службу чуў розныя. Але адмоўныя водгукі мяне не палохаюць. Лічу, што кожны хлопец павінен выканаць свой воінскі абавязак перад Радзімай. Пакуль накіроўваюць у «вучэбку», а там — далей у часць.

Другі прызыўнік, Уладзімір Агапотаў з Відзаў, паспеў атрымаць вышэйшую адукацыю ў БАТУ і месяц працуе галоўным інжынерам у ААТ «Агравідзы».

— Армія, — упэўнены прызыўнік, — добрая школа для фізічнай і маральнай загартоўкі, якую павінен прайсці сапраўдны мужчына. Мне давядзецца служыць у спецназе ў Мар’інай Горцы. Разумею, што будзе нялёгка, але цяжкасці мяне не палохаюць. Ды і адзін год праляціць вельмі хутка.

Зразумела, за такой бравадай адчуваецца заклапочанасць прызыўнікоў, але, галоўнае, яны ўпэўнены, што стануць сапраўднымі салдатамі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.