Як перажыць спякоту. Парады ўрача-кардыёлага

Актуальное Спорт и здоровье
Усе мы з нецярпеннем чакаем надыходу цёплых летніх дзянькоў. Але спякота, якая ўсталявалася апошнім часам, негатыўна ўздзейнічае на наш арганізм. Асабліва пакутуюць людзі, якія маюць праблемы з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

Як адзначыла ўрач-кардыёлаг ЦРБ Алена Пабяржына, у гэтыя дні павялічылася колькасць зваротаў такіх грамадзян па медыцынскую дапамогу. Таму яна раіць перш за ўсё вельмі ўважліва прыслухоўвацца да свайго арганізма, бо спякота дае дадатковую нагрузку на сардэчна-сасудзістую сістэму. Менавіта ў такія дні ўзрастае колькасць інфарктаў, інсультаў і артэрыяльных трамбозаў. І тым, у каго ўжо выяўлены захворванні сэрца і сасудаў, неабходна строга выконваць рэкамендацыі ўрача, абавязкова мець пры сабе лякарствы.

Каб пазбегнуць негатыўных наступстваў спякоты, Алена Пабяржына рэкамендуе насіць лёгкае, свабоднае адзенне з натуральнай тканіны, абавязкова надзяваць галаўны ўбор, мець пры сабе бутэльку вады і неабходныя лекі.

У дні павышанай тэмпературы паветра лепш наогул не выходзіць на вуліцу без неабходнасці, асабліва ў перыяд максімальнай сонечнай актыўнасці.

Пажадана выключыць са свайго рацыёну тлустыя, смажаныя і салодкія стравы. Больш ужываць садавіны, агародніны, есці адвараную ці тушаную рыбу і курыцу, халодныя супы.

Для аховы арганізма ад абязводжвання неабходна больш піць вады пакаёвай тэмпературы.

Абавязкова адмовіцца ад алкаголю і фізічных нагрузак.

Таксама ўрач акрэсліла сімптомы, пры якіх трэба неадкладна звяртацца да медыкаў. Так, павінен насцярожыць боль у грудзях пякучага ці давячага характару, які не праходзіць і пасля прыняцця нітрагліцэрыну. Галаўны боль нярэдка суправаджаецца павышаным артэрыяльным ціскам. Адчуванне перабояў у рабоце сэрца, пачашчанае ці запаволенае сэрцабіццё ўказваюць на парушэнне рытму сэрца. Таксама трывожнымі сімптомамі будуць раптоўная задышка, адчуванне недахопу паветра, няскладная мова, дэзарыентацыя ці страта прытомнасці, рэзкі боль у руцэ ці назе.

Выконваючы гэтыя рэкамендацыі, нават ва ўмовах анамальнай спякоты можна захаваць сваё здароўе і ў поўнай меры атрымліваць асалоду ад цёплых летніх дзянькоў. ■

Алена ПЯТУШКА.