У першай гарадской школе прайшоў фрымаркет

В свободное время
Калі ў верасні 2017-га адміністрацыя, педкалектыў і савет старшакласнікаў СШ № 1 імя А. М. Жданава арганізавалі першы ў райцэнтры бясплатны кірмаш — фрымаркет, то спадзяваліся, што гэта будзе не адзінкавая акцыя і яе падтрымаюць жыхары нашага горада. Як паказаў час, іх надзеі спраўдзіліся: мерапрыемства прыйшлося даспадобы браслаўчанам і «прыжылося» ў першай школе, дзе яго праводзяць рэгулярна. Нядаўна там адбыўся чарговы, вясновы фрымаркет.

Падчас уборкі ў любой гаспадыні абавязкова знаходзяцца лішнія рэчы: старыя запасы, вопратка, з якой выраслі дзеці, або купленае выпадкова па зніжанай цане па прынцыпе «а раптам спатрэбіцца». Дык чаму б не прапанаваць іх тым, каму яны яшчэ могуць паслужыць? Гэта і для экалогіі добра, і значна эканоміць сямейны бюджэт. Таму не дзіўна, што мерапрыемства, дзе можна абмяняць непатрэбныя, але добрай якасці рэчы на штосьці карыснае для сябе, прывабіла шмат удзельнікаў рознага ўзросту. Па словах арганізатараў, некалькі соцень дакладна. Дарэчы, былі тут і выпускнікі школы, якія, прыехаўшы здалёк дадому на выхадныя, таксама прыйшлі не з пустымі рукамі.

Імправізаваныя прылаўкі, якія занялі амаль увесь двор школы, ледзь змяшчалі вопратку, абутак, школьныя ранцы і розныя карысныя дробязі. Важная ўмова — стан прынесеных рэчаў: яны павінны быць чыстымі і акуратнымі. Вялікі плюс фрымаркету ў тым, што ўдзельнікі спакойна робяць свой выбар: тут няма абмежавання ў часе альбо цане. Затое ёсць магчымасць прымерыць вопратку, паглядзецца ў люстэрка. І тое, што для адных было непатрэбным, для іншых стала знаходкай: практычна кожны выбраў для сябе штосьці карыснае.

— Мы вельмі задаволены тым, як браслаўчане ўспрымаюць ідэю зрабіць жыццё крыху лепшым, не выкарыстоўваючы купюры. Гэтым разам вельмі добра спрацавала наша рэклама: калі раней звычайна больш было бацькоў з дзецьмі, то цяпер да мерапрыемства далучыліся жыхары бліжэйшых дамоў, якія ўбачылі аб’явы, — кажа дырэктар школы Тамара Стома.

Безумоўна, заўсёды застаюцца незапатрабаваныя рэчы. Але яны не прападуць дарэмна. Па словах дырэктара, школе ўдалося наладзіць супрацоўніцтва з сельвыканкамамі, якія трымаюць руку на пульсе і ведаюць, каму не будзе лішняй дапамога. Так што рэчы абавязкова знойдуць сваіх гаспадароў.

Калі ж хтосьці па нейкіх прычынах не змог трапіць на фрымаркет, то засмучацца не трэба: у СШ № 1 мерапрыемства стала пастаянным. І прыемна, што кожны раз да гэтай добрай і карыснай справы далучаецца ўсё больш удзельнікаў. ■

Жанна БЯЛЬКО.