У Браславе прайшлі раённыя спаборніцтвы санітарных фарміраванняў грамадзянскай абароны

Власть и общество
Сёлета за званне лепшага змагаліся толькі 3 каманды: 2 звяны з ДРБУ-142 і ДЭУ-34 і адна санітарная дружына — з СВК «Маяк Браслаўскі».

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі РАНС, райвыканкам, раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, Браслаўская ЦРБ і РЦГіЭ і інш. Іх прадстаўнікі, якія ўваходзілі ў судзейскую калегію, самым строгім чынам ацэньвалі дзеянні каманд на ўсіх этапах.

У ходзе спаборніцтваў была праверана гатоўнасць санітарных фарміраванняў да выканання сваіх задач — аказання першай медыцынскай дапамогі ў ачагах хімічнага паражэння, пацярпелым пры стыхійных бедствах і вытворчых аварыях, траўмах, няшчасных выпадках, крывацёках і раптоўных захворваннях, якія адбыліся ва ўмоўных надзвычайных сітуацыях.

Удзельнікі не толькі дэманстравалі тэарэтычныя веды, але і на хуткасць узбройваліся процівагазам, накладвалі шыну, транспарціравалі пацярпелага. Члены санітарных фарміраванняў праходзілі праверку на наяўнасць неабходнага аснашчэння і ўменне ім карыстацца, адпрацоўвалі комплекс задач ва ўмоўных ачагах камбінаванага і хімічнага паражэння, а таксама ў ачагу інфекцыйнага захворвання.

З-за колькасці каманд нельга сказаць, што спаборніцтвы праходзілі ва ўпартай барацьбе, аднак і тое, што ўдзельнікі абыякава выконвалі заданні — таксама няпраўда. Усе стараліся паказаць сябе з лепшага боку на ўсіх этапах. Хутка, выразна і зладжана дзейнічалі ў вырашэнні пастаўленых перад імі задач, яшчэ раз замацавалі свае веды і медыцынскія навыкі прымаць адпаведныя рашэнні ў складаных умовах пры стыхійных бедствах, катастрофах і вытворчых аварыях.

А месцы размеркаваліся наступным чынам: другой сярод санітарных звёнаў сёлета стала каманда ДЭУ-34, пераможніцай — ДРБУ-142. Лідарамі ж сярод санітарных дружын былі прызнаны маякоўцы.

На цырымоніі ўзнагароджання арганізатары спаборніцтваў адзначылі даволі высокі ўзровень гатоўнасці ўсіх каманд да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, падзякавалі за ўдзел, узнагародзілі пераможцаў і прызёраў і пажадалі далейшых поспехаў. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.