Успаміны жыхаркі вёскі Стаўрова, якую з сям’ёй пад час вайны немцы вывезлі на работы ў Германію

75 гадоў з дня вызвалення Беларусі

На фота: Намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце ААТ «Агравідзы» Алена Кабетава разам з Вольгай Сініцай.

У вёсцы Стаўрова жыве Вольга Лявонаўна Сініца. Хутка жанчыне споўніцца 80 гадоў. Разам з прадстаўнікамі ААТ «Агравідзы»  мы пабывалі ў гасцях у В. Сініцы, павіншавалі з памятнымі датамі і паслухалі гісторыю яе жыцця, асабліва маленства, бо падчас Вялікай Айчыннай вайны яна разам з бацькамі была вывезена ў Германію.

На двары нас сустракае і вітае жвавая жанчына. Бачна, што яна шчыра рада гасцям. Адразу прапаноўвае гарбату і пачынае расказваць пра падзеі са свайго жыцця. Аднак паступова, слова за слова, мы вяртаемся ў яе дзяцінства…

«Мне хоць і мала гадоў было, але я ўсё добра памятаю. Як гарэла хата наша, а я не ведала, дзе мы жыць будзем. Пасля нас сабралі ў відзаўскім касцёле і адтуль павезлі ў чужую краіну, вывезлі ўсёй сям’ёй з сямімесячным брацікам, — успамінае В. Сініца. — Знаходзіліся мы ў горадзе Пірна, былі там да самага вызвалення. Калі нас прывезлі туды, то адразу ўсіх падзялілі на хворых і здаровых, састрыглі валасы, выдалі вопратку. Здаровых адправілі працаваць, а хворых… Мы бачылі чорны дым, адчувалі непрыемны пах і маглі толькі здагадвацца, што стала з імі».

Жыць давялося ў бараках, маці з бацькам працавалі штодзень. Было вельмі цяжка, пастаянна не хапала ежы, замярзалі. Добра запомніла Вольга Сініца, як ёй аднойчы налілі бутэльку малака, а тая лопнула. Колькі слёз было праліта над тымі кавалкамі шкла! Не раз, успамінае Вольга Лявонаўна, яна магла загінуць. Аднойчы бегла да маці ў шпіталь і наляцелі самалёты, ледзь паспела схавацца. Іншы раз, гуляючы разам з сяброўкай, заспявала песню пра Чырвоную армію. Пашанцавала, што вартавы, каля якога яны праходзілі, не разумеў рускай мовы, а маці выбегла за імі і хутка загнала ў барак.

Як усе чакалі вызвалення! Здагадваліся пра яго, калі ўжо пачалі з’яўляцца савецкія самалёты. Адзін з лётчыкаў, успамінае Вольга Лявонаўна, доўга плакаў і абдымаў яе, прыгаворваючы: «А мая дачушка разам з маці загінула».

Вяртанне дадому было доўгачаным і жаданым. І хоць у роднай вёсцы замест хаты было папялішча, усё роўна сям’я вярнулася на радзіму. Напачатку жылі ў зямлянцы, затым у старой лазні, пазней бацькі пабудавалі хату.

Тут, у Стаўрове, Вольга Сініца сустрэла сваё каханне, выйшла замуж, нарадзіліся дзеці, якімі яна ганарыцца, а таксама ўнукі і праўнукі. Хоць жыццё не песціла жанчыну, але яна ніколі не губляла аптымізму і веры ў будучыню. І цяпер сама спраўляецца з хатняй гаспадаркай, займаецца кветкамі ў палісадніку, а яшчэ піша вершы. Яны пра прыроду, роднае Стаўрова, блізкіх і знаёмых. Словам, пра сваю радзіму, пра самы родны куток на ўсёй зямлі. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.