Урачыста і кранальна. Рэпартаж з выпускнога вечара СШ № 1

Власть и общество
Мінулая субота запомнілася мноствам кветак і рознакаляровых шароў, вясёлымі ўсмешкамі і адначасова некаторай доляй суму, прыгожымі сукенкамі дзяўчат і строгімі касцюмамі хлопцаў: ва ўстановах адукацыі ўчарашнія школьнікі развітваліся з бесклапотным дзяцінствам. За плячыма засталіся 11 гадоў вучобы, напоўненых цікавымі ўрокамі і шумнымі перапынкамі, спартыўнымі спаборніцтвамі ды творчымі мерапрыемствамі. І вось настаў час незабыўнага фіналу школьнай дарогі — выпускнога вечара. Урачыста і кранальна прайшоў ён у СШ № 1 імя А. М. Жданава.

Гэта самае значнае ў школьным жыцці мерапрыемства сабрала ў святочна ўпрыгожанай актавай зале Раённага цэнтра культуры былых адзінаццацікласнікаў, іх бацькоў, педагогаў і ўсіх тых, хто пажадаў далучыцца да сімвалічнага развітання з дзяцінствам, парадавацца поспехам 34 выпускнікоў. А дасягненняў за гады вучобы ў іх набралася нямала, пра што і нагадала дырэктар школы Тамара Стома. Пералічваючы ўзнагароды, якія з’явіліся ў скарбонцы школы дзякуючы гэтым хлопцам і дзяўчатам, яна нават пажартавала, ці не пакінуць іх яшчэ на адзін год вучобы. А калі гаварыць сур’ёзна, то сёлетні выпуск дырэктар назвала незвычайным па творчых здольнасцях, спартыўных дасягненнях і, безумоўна, якасці ведаў. Пра гэта сведчылі і чатыры атэстаты асаблівага ўзору: тры — з залатым медалём і адзін — з сярэбраным, і колькасць падзячных лістоў і пісьмаў, уручаных учарашнім вучням і іх бацькам.

Тамара Андрэеўна запрасіла ўсіх на апошнюю школьную лінейку, персанальную, толькі для аднаго класа, і дала наказ перад стартам у дарослае жыццё, асабліва адзначыўшы важнасць сям’і — самага надзейнага прычала ў жыцці. Каб памятаць гэта, кожны выпускнік атрымаў сімвалічны выратавальны круг. Пажаданні на новую жыццёвую дарогу выказала і класны кіраўнік Алена Панцялейка — праз эмацыянальнае відэа.

Падчас вучобы дзеці шмат выступалі, цяпер жа настаўнікі памяняліся з імі месцамі і таксама выйшлі на сцэну з вясёлым музычным падарункам. Потым іх змянілі бацькі са сцэнкай пра школьныя будні і песняй. Прысутным у зале адразу стала зразумела, адкуль у дзяцей столькі творчасці і крэатыву. Да таго ж творчае аб’яднанне «Papa&mama» прадставіла фільм пра падрыхтоўку да выпускнога, дзе знайшлося месца і творчым здольнасцям (чаго толькі каштаваў танец «маленькіх лебедзяў» у выкананні тат), і дасціпнаму гумару. Вячаслаў Грышчанка ад імя бацькоў павіншаваў дзяцей з заканчэннем школы і даў парады на будучыню.

Учарашнія вучні таксама бліснулі талентамі падчас «Апошняга бенефісу выпускнікоў 2019-га». Жартавалі, узгадваючы школьнае жыццё, спявалі і шчыра дзякавалі бацькам і настаўнікам. Кранальнасці мерапрыемству надаў традыцыйны развітальны вальс юнакоў і дзяўчат.

Апошняя старонка школьнага жыцця перагорнута, наперадзе — самастойнае жыццё з яго хваляваннямі і трывогамі, радасцямі і новымі дасягненнямі.

Сёлета ў Браслаўскім раёне школу закончылі 183 адзінаццацікласнікі. Сярод іх 10 медалістаў: 7 выпускнікоў атрымалі залатыя медалі і 3 — сярэбраныя. Апошні званок празвінеў таксама для 229 дзевяцікласнікаў, 20-ці з іх уручаны пасведчанні з адзнакай.

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.