У браслаўскай гімназіі прайшоў фестываль самадзейнай творчасці педагогаў раёна

Новости
Чарговы раз прайшоў на базе гімназіі фестываль самадзейнай творчасці педагагічных работнікаў раёна «Песня застаецца з чалавекам», які традыцыйна ладзіць аддзел райвыканкама па адукацыі і райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Сёлета ён быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На некалькі гадзін слухачы акунуліся ў цудоўны свет мастацтва. Шмат прагучала добрых песень, з якімі самадзейныя таленавітыя педагогі выступілі перад журы і аўдыторыяй. Вясёлыя і бадзёрыя мелодыі змяняліся сумнымі і сур’ёзнымі, гучалі песні на беларускай і рускай мовах. Ажывілі канцэрт і танцавальныя пастаноўкі. Кожны выканаўца і калектыў дадавалі да агульнай дружалюбнай атмасферы сваю непаўторную нотку.

Усе канцэртныя нумары былі высока ацэнены гледачамі, якія шквалам апладысментаў падтрымлівалі сваіх калег.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч падзякавала ўсім удзельнікам свята і адзначыла, што такія сустрэчы дазваляюць педагогам раскрыць і прадэманстраваць свае таленты, а таксама падарыць гледачам прыемныя і радасныя хвіліны пазітыўнасці і бадзёрасці. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.