Сямнаццаць гадоў Марына Бабуль прысвяціла сыраробнай справе

Люди
У Браслаўскім цэху па вытворчасці сыру выпадковых людзей няма: гэта праверана часам і самаадданай працай літаральна кожнага супрацоўніка. Не выключэнне і Марына Бабуль, якая амаль штодзень вырабляе для браслаўчан, ды і для іншых беларусаў смятану і тваражкі.

Сямнаццацігадовы стаж Марыны Вацлаваўны ў сыраробстве — важкі доказ прафесіяналізму і ведання сваёй справы на ўсе сто працэнтаў, а то і больш. Пачынала сваю працоўную дзейнасць яшчэ, як кажуць самі сыравары, на старым заводзе апаратчыкам пастэрызацыі малака. Шчыравала на гэтай пасадзе на працягу шматлікіх гадоў. Пасля ж рэканструкцыі вытворчасці не спасавала перад цяжкасцямі і з лёгкасцю асвоіла новае абсталяванне.

Цяпер М. Бабуль адказвае за выпуск смятаны і тварожнага крэму пад назвай «Браслаўскі пачастунак». Дарэчы, польская лінія па вытворчасці гэтых прадуктаў даверана толькі адным руплівым рукам — Марыны Вацлаваўны. Аператар цалкам выконвае ўсю тэхналогію вытворчасці, пачынаючы ад сумесі, нармалізацыі, закваскі да поўнай гатоўнасці смятаны ці тваражку — аж да фасоўкі і ахалоджвання. Напрыклад, за змену з 6 тон выпрацоўкі спецыяліст атрымлівае 2-3 тоны гатовага прадукту.

— Сваю работу вельмі люблю, прызнаюся як на духу, — з шырокай усмешкай гаворыць М. Бабуль. — На нейкім іншым месцы сябе нават не ўяўляю. З задавальненнем раблю прадукты для людзей, сама набываю нашу прадукцыю ў магазінах, бо ведаю ўсю кухню вытворчасці знутры.

Што аператар знаходзіцца ў ліку адказных людзей, сумнявацца не прыходзіцца. Нездарма ж М. Бабуль на добрым рахунку ў кіраўніцтва. Чалавек старанны, гатовы прыйсці на дапамогу і падмяніць у любой сітуацыі, пра такіх кажуць: «Прысвяціла жыццё вытворчасці». Аднак калегі дадаюць, што паспявае жанчына літаральна ўсюды: даглядае вялікі ўласны дом, садзіць агарод, вядзе гаспадарку. Разам з мужам Марына Вацлаваўна выхавала трох сыноў, бядуе толькі, што не ажаніла пакуль (дзяўчаты, майце на ўвазе). Словам, клопатаў хапае, але, калі трэба, яна садзіцца за руль аўтамабіля і імчыць на любімую работу. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.