Разлічвалі на хлопчыка, а нарадзіліся адразу дзве дачушкі. Гісторыя шматдзетнай сям’і Сівіцкіх

Новости
Вядомы рускі класік сказаў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобныя адна да адной. І, безумоўна, гэтае шчасце вымяраецца не матэрыяльным багаццем, а вясёлымі дзіцячымі галасамі. Радасным гоманам напоўнены і дом Аксаны і Леаніда Сівіцкіх з агр. Ахрэмаўцы, якія выхоўваюць чатырох дзетак.

Маладыя бацькі не лічаць гэта чымсьці асаблівым, бо самі выраслі ў шматдзетных сем’ях. Таму чарговая цяжарнасць Аксаны была запланаванай. Вось толькі разлічвалі на хлопчыка, а нарадзіліся адразу дзве дачушкі.

— Дзеці, — кажа жанчына, — падарунак ад Бога, але трэба разумець, што гэта яшчэ і вялікая адказнасць. І пакуль яны растуць, часам даводзіцца забыцца пра свае жаданні.

Але гэта зусім не значыць, што Аксана і Леанід за дзецьмі света белага не бачаць. У сям’і цікавае і насычанае жыццё. Пазітыўныя і камунікабельныя, Сівіцкія з задавальненнем праводзяць выхадныя са сваёй вялікай раднёй і сябрамі, выязджаюць на прыроду. Цікавай старонкай у сямейным летапісе стаў удзел у раённым конкурсе шматдзетных сямей. Вобраз пчолак-працаўніц вельмі спадабаўся і гледачам, і журы. І хаця галоўны тытул Сівіцкія не атрымалі, ад мерапрыемства ў іх засталіся яркія і добрыя ўспаміны.

Кожная сям’я — маленькая дзяржава са сваімі законамі і традыцыямі. Ёсць яны і ў маіх герояў. У першую чаргу, лічыць жанчына, у дзяцей трэба выхоўваць працавітасць і адказнасць, прычым абавязкова на сваім прыкладзе.

— Так з дзяцінства вучылі нас, — дадае Леанід. — Гэтыя асноўныя запаветы і мы перадаём сваім дзецям.

Дзесяцігадовы сын Аляксей разумее, што маці даводзіцца нялёгка, таму дапамагае ёй па хаце, пры неабходнасці прыглядзіць за маленькімі сястрычкамі. Разважлівы і сур’ёзны хлопец — надзейны памочнік. У абавязкі жвавай і няўрымслівай Вольгі ўваходзіць прыбраць цацкі. І толькі гадавалыя Людміла і Ксенія пакуль жывуць без клопатаў.

Але ж больш за ўсіх работы, зразумела, у шматдзетнай маці. Кожную раніцу трэба ўсім прыгатаваць сняданак, адправіць мужа, які працуе ў ААТ «ТБЗ Браслаўскі», сына — у школу, дачку — у дзіцячы садок. А потым цэлы дзень завіхацца каля малых. Хоць бяссонныя ночы мінулі і дзяўчаткі ўжо ходзяць, але цяпер больш часу патрабуецца на іх выхаванне і развіццё. Да таго хочацца накарміць сваіх дамачадцаў смачным абедам і вячэрай, улічыць розныя густы і перавагі. Так што дзень распісаны па хвілінах. Але жыццярадасную Аксану гэта зусім не абцяжарвае. Галоўнае, лічыць жанчына, каб дзеці не хварэлі.

У доме Сівіцкіх пануе цёплая і дружная атмасфера.

— Нават пакаранне, — упэўнена Аксана, — павінна быць з любоўю. Нельга крыўдзіць і прыніжаць дзіця, а трэба яму спакойна растлумачыць яго памылкі.

Сівіцкія па-сапраўднаму шчаслівыя, бо ўпэўнены, што вялікая сям’я — не толькі клопаты, але і бязмежная радасць. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.