Ініцыятывы браслаўчан высока адзначаны на рэспубліканскай выставе ў Мінску

Новости
У красавіку дэлегацыя педагогаў гімназіі прыняла ўдзел у традыцыйнай рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, якая была прысвечана Году малой радзімы.

Маштабнае мерапрыемства праходзіла на пляцоўках комплексу «БелЭкспа» ў сталіцы. Яго мэта — прэзентацыя новых рашэнняў і метадаў, якія фарміруюць у падрастаючага пакалення актыўную грамадзянскую пазіцыю і патрыятызм.

Як расказала намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Ала Ганчарова, выстава праходзіла тры дні, кожны з якіх адпавядаў пэўнай тэматыцы. Браслаўскія педагогі выступалі ў Дзень рэгіянальных ініцыятыў і на чатырох інтэрактыўных пляцоўках прадставілі вопыт сваёй работы з вучнямі ў рамках канцэпцыі ўстойлівага развіцця рэгіёну.

Ініцыятывы браслаўчан былі высока адзначаны арганізатарамі і ўдзельнікамі выставы, а настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Людміла Патапенка за сваю работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў атрымала дыплом І ступені. ■

Алена ПЯТУШКА.