Начальнік аддзела па землеўпарадкаванні рассказала, за што карыстальнік зямлі можа атрымаць штраф

Человек и закон
Падтрыманне парадку на зямлі — гэта планамерная работа, без якой немагчыма захаваць і прымножыць прыгажосць роднага краю. У нашым раёне штогод праводзіцца шмат мерапрыемстваў па доглядзе зямлі: зносяцца закінутыя дамы, ачышчаюцца тэрыторыі ад смецця, хмызнякоў і пустазелля.

Між іншым, догляд зямлі ў населеных пунктах — абавязак кожнага грамадзяніна, замацаваны заканадаўствам. Згодна з Кодэксам аб зямлі жыхары павінны добраўпарадкоўваць і эфектыўна выкарыстоўваць зямельныя ўчасткі, захоўваць карысныя якасці зямель, абараняць іх ад забруджвання адходамі, папярэджваць зарастанне зямель сельскагаспадарчага прызначэння кустоўем і пустазеллем.

Адной з функцый, ускладзеных на аддзел райвыканкама па землеўпарадкаванні, з’яўляецца здзяйсненне дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель на тэрыторыі нашага раёна.

Заўважу, што найбольш часта выяўляюцца такія парушэнні, як невыкарыстанне зямельнага ўчастка, невыкананне патрабаванняў па ахове зямель, самавольнае займанне ўчастка, невыкананне прадпісанняў ці прадстаўленняў. Аднак трэба ведаць, што за парушэнні зямельнага заканадаўства прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.


У 2018 годзе супрацоўнікі аддзела райвыканкама па землеўпарадкаванні выявілі 60 парушэнняў зямельнага заканадаўства. Сума штрафаў склала 2 671 руб. 75 кап. Сёлета з пачатку года выяўлена 13 парушэнняў. Сума штрафаў склала 165 руб. 75 кап.


Невыкарыстанне зямельнага ўчастка ў тэрмін, устаноўлены заканадаўчымі актамі, цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь, на ІП — да 25, на юрыдычную асобу — да 100 БВ.

Парушэнне парадку здымання ўрадлівага пласта глебы пры правядзенні работ, ці парадку кансервацыі дэградзіраваных сельскагаспадарчых зямель, ці невыкананне абавязковых мерапрыемстваў па абароне зямельнага ўчастка ад воднай, ветравой эрозіі, другіх працэсаў разбурэння, ці невыкананне іншых патрабаванняў па ахове зямель пагражаюць штрафам да 20 БВ, ІП — да 100, юрасобе — да 300 БВ.

За нямэтавае выкарыстанне выдзеленага ўчастка грамадзянін можа быць аштрафаваны ў памеры ад 2 да 10 БВ, ІП — ад 5 да 25, юрасоба — ад 20 да 100 БВ, за яго самавольнае займанне — ад 10 да 30, ад 20 да 100 і ад 50 да 300 БВ, а за парушэнне тэрмінаў вяртання часова займаемых зямель — ад 10 да 30, ад 10 да 50 і да 200 БВ адпаведна. Невыкананне вынесенага па ўстаноўленай заканадаўствам форме патрабавання, прадпісання ці прадстаўлення таксама пагражае папярэджаннем ці штрафам у памеры да 20 базавых велічынь.

Каб не псаваць сабе нервы і не марнаваць свае грошы на наступствы адміністрацыйнай адказнасці, рэкамендую ўсім землекарыстальнікам Браслаўскага раёна навесці парадак на прысядзібных тэрыторыях, садовых участках, прылягаючых землях агульнага карыстання, не дапускаць зарастання іх кустоўем і пустазеллем. Не забывайце, што сухая расліннасць часта становіцца прычынай пажараў. ■

Кацярына ЦІХАНОВІЧ,

начальнік аддзела па землеўпарадкаванні.