Валянціна Кірчанка удастоена звання «Лепшы па прафесіі»

Люди
Педагагічная сям’я Браслаўшчыны складаецца з выдатных настаўнікаў, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі складанай, важнай і высакароднай справе — навучанню і выхаванню маладога пакалення. Нямала гадоў, сіл і намаганняў аддала школе і вучням настаўніца рускай мовы і літаратуры Друйскага ДССШ Валянціна Кірчанка.

Ужо ў дзяцінстве дзяўчына дакладна ведала, што стане педагогам, а эрудзіраваная і інтэлігентная настаўніца першай гарадской школы Зінаіда Грыбкоўская сваім прыкладам дапамагла ёй выбраць спецыяльнасць.

Пасля заканчэння сталічнага педагагічнага інстытута Валянціна вярнулася на сваю малую радзіму і амаль 40 гадоў упэўнена нясе факел ведаў падрастаючаму пакаленню.

Безумоўна, кожны школьны прадмет развівае юную асобу ў пэўным накірунку. Значную ролю ў гэтым, лічыць В. Кірчанка, адыгрывае мова і літаратура. Так, веданне моўных правілаў робіць чалавека пісьменным, а мастацкія і паэтычныя творы яго выхоўваюць і душэўна ўзбагачаюць.

Да працэсу навучання педагог падыходзіць сур’ёзна і творча, з усёй адказнасцю рыхтуецца да кожнага ўрока, прадумвае ўсё да дробязей, каб прыцягнуць увагу вучняў і пасеяць у іх душах добрае, разумнае, вечнае.

— Але пры гэтым, — кажа Валянціна Кірчанка, — важна не навязваць свайго меркавання, а даць магчымасць дзецям самім дайсці да ісціны, выказаць свае думкі, выразіць сябе.

Настаўніца ўпэўнена, што ў рабоце з вучнямі трэба быць строгім, але справядлівым, што ўсмешка і іронія мацнейшыя, чым абурэнне і раздражняльнасць. Таму са школьнікамі ў В. Кірчанка добрыя адносіны, поўнае ўзаемапаразуменне і павага.

Прафесіяналізм і адданасць сваёй справе дапамаглі педагогу своечасова заўважыць патэнцыял здольнага вучня Сяргея Смерцьева. Карпатлівая работа зладжанага тандэма штогод прыносіць хлопцу добрыя вынікі на раённых і абласных школьных алімпіядах па рускай мове і літаратуры. Валянціна Кірчанка вельмі ўдзячна лёсу, што на яе педагагічным шляху сустрэўся такі адораны вучань.

З энтузіязмам настаўніца і дзеці ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях. Пастаянна яны выбіраюць цікавыя і змястоўныя тэмы для сваіх работ. Журы высока ацэньвае іх навуковыя даследаванні, і ўжо пяць гадоў запар друйскія школьнікі займаюць першае месца ў сваёй секцыі.

Зразумела, трымаць планку выдатнага настаўніка нялёгка. У першую чаргу гэта штодзённая карпатлівая праца над сабой. Але, як лічыць жанчына, калі займаешся тым, што цябе радуе больш за ўсё на свеце, то прыкладзеныя намаганні прыносяць толькі задавальненне. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.