Вучні і педагогі СШ № 1 падарылі ветэрану персанальны канцэрт

Вялікай Перамозе - 76 Новости
Штогадовае святкаванне Вялікай Перамогі — даніна памяці тым, хто змагаўся падчас Вялікай Айчыннай вайны за наша мірнае жыццё. Але не толькі ўрачыстымі мерапрыемствамі запамінаюцца майскія дні. Яны багатыя на сустрэчы: гэта яшчэ адна нагода падзякаваць ветэранам, ушанаваць іх подзвіг.

На Браслаўшчыне таксама напярэдадні свята ўдзельнікі вайны прымалі віншаванні і падарункі, якія мелі самыя розныя формы. І калі Юліан Маслоўскі радаваўся новай агароджы, то Івану Кожару вучні і педагогі СШ № 1 імя А. М. Жданава падарылі… канцэрт.

Ветэрану Вялікай Айчыннай, які ахвотна адгукаецца на запрашэнні паўдзельнічаць у мерапрыемствах, здароўе, на жаль, не заўсёды дазваляе на іх прысутнічаць. Таму ў першай гарадской школе вырашылі самі наведацца да І. Кожара, які, дарэчы, шмат гадоў працаваў тут настаўнікам фізкультуры.

У сярэдзіне мінулага тыдня дворык дома з чырвонай зоркай кардынальна змяніў свой выгляд: там паставілі лавачкі, па-святочнаму аформілі імправізаваную сцэну, устанавілі апаратуру. Яркія і запамінальныя нумары адразу прыцягнулі ўвагу прысутных, сярод якіх быў сам Іван Іванавіч, яго жонка Зінаіда Яўгенаўна, сын Уладзімір, суседзі, воіны-афганцы, неабыякавыя браслаўчане, вучні і педагогі. Тэматыка музычных кампазіцый напярэдадні вялікага майскага свята, зразумела, тычылася падзей ваеннага часу і ў той жа час перадавала светлы настрой сённяшніх мірных дзён. І як жа абысціся без легендарнай «Кацюшы»! Канцэртную праграму спланавалі так, што нумары чаргаваліся з расказамі пра жыццёвы шлях Івана Кожара. Да таго ж ветэран быў не проста гледачом, а і актыўным удзельнікам мерапрыемства: ён дзяліўся з прысутнымі ўспамінамі пра баявыя дзеянні.

Цёплыя словы віншавання адрасавалі герою ўрачыстасці і ўручылі яму падарункі дырэктар СШ № 1 Тамара Стома, воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Лясовіч, дарэчы, былы вучань І. Кожара. Далучылася да іх і старшыня раённага савета ветэранаў Вера Сяліцкая, якая выказала ўдзячнасць ветэрану за яго ўклад у перамогу.

Напрыканцы мерапрыемства Іван Кожар шчыра падзякаваў гасцям за цудоўны падарунак і даў наказ школьнікам:

— Любіце Радзіму, будзьце сапраўднымі патрыётамі, захоўвайце вернасць сваёй зямлі, сваёй школе, памятайце, што жданаўцамі быць ганарова. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.