Сельгаспрадпрыемства браслаўскага раёна пераводзяць кароў на пашавае ўтрыманне

Деньги
Вельмі цёплы красавік у гэтым годзе падганяў жывёлаводаў раёна арганізоўваць работы, якія папярэднічаюць перавядзенню БРЖ на летне-пашавае ўтрыманне. У гаспадарках своечасова правялі рамонт перасовачных даільных пляцовак, інвентару. Амаль ва ўсіх прадпрыемствах на пашу вывезлі старую салому, якая служыць подсцілкай для жывёлы ў халодныя ночы. Найбольш жа складаным аказалася кадравае пытанне: даярак і пастухоў не хапае.

Нягледзячы на даволі добрую арганізацыю падрыхтоўчых работ, выводзіць жывёлу на пашу не спяшаліся. Па-першае, кармоў было назапашана дастаткова і вострай неабходнасці ў выгане кароў па гэтай прычыне не было. Па-другое, вясна стаяла цёплая, але засуха не дала травам набрацца моцы. Таму было прынята рашэнне выводзіць жывёлу на пашу не раней за 2 мая. Тым больш менавіта ў гэты дзень пайшлі доўгачаканыя дажджы, якія далі надзею на хуткі і добры травастой.

Намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарча Віктар Казінец расказаў, што ў гэтым сезоне на летне-пашавым утрыманні знаходзяцца 39 гуртоў кароў і 23 — цёлак. Усе яны ў поўным аб’ёме забяспечаны ёмістасцямі для вады, соллю і электрапастухамі.

Цяпер каровы і маладняк з задавальненнем кормяцца зялёнай траўкай, прычым зусім хутка гэта павінна станоўча адбіцца як на прыбаўцы ў вазе, так і на надоях. На фермах жа пачынаецца час рамонтных работ. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.