Іван Кульпа — «Чалавек года Браслаўшчыны»

Люди
У сельскай гаспадарцы самае важнае — людзі і тэхніка. Аграрыі імкнуцца працаваць шчыра, сумленна, з аддачай, любяць і берагуць тэхніку, адносяцца да яе па-гаспадарску. Адзін з тых, хто аддана працуе на зямлі і не шкадуе пра свой жыццёвы шлях, — Іван Кульпа з СВК «Маяк Браслаўскі».

Іван рос у простай сялянскай сям’і. У бацькоў было трое дзяцей, якія з маленства прывучаліся да працы. Немалая гаспадарка, добры кавалак зямлі — менавіта гэта і лічылася багаццем. Бацька ўсё жыццё працаваў механізатарам, на працу адпраўляўся рана, а вяртаўся ўжо з прыцемкамі, але ніколі не скардзіўся. Спраўляцца з гаспадаркай маці дапамагалі дзеці. Іван пасля школы скончыў Відзаўскі каледж, і тады, як кажа сам мужчына, пашанцавала трапіць на працу ў «Маяк». З той пары лічыць, што з выбарам прафесіі не памыліўся.

— Мяне ўсё задавальняе, — кажа механізатар. — Гаспадарка выдзеліла дом у Ёдлавічах, тут належныя ўмовы працы і неблагі заробак. Дарэчы, заробак у механізатара залежыць ад яго працавітасці. Чым больш зробіш, тым больш і атрымаеш. І я стараюся не ленавацца, а працаваць шчыра.

Іван любіць тэхніку, адносіцца да яе беражліва, таму, калі ў мінулым годзе гаспадарка набыла новы трактар «Беларус-1221», кіраўніцтва даверыла яго менавіта І. Кульпу. Механізатар задаволены ракіроўкай. Хоць стары «конь» быў яшчэ моцным, але ж новы ёсць новы. Там і кандыцыянер усталяваны, і рамантаваць так часта не прыходзіцца.

Вясной Іван падсявае травы, потым працуе з КЗС на нарыхтоўцы кармоў, а ў час жніва ўбірае ўраджай. Дарэчы, камбайнер ён таксама адзін з лепшых у гаспадарцы. Яго імя часта можна ўбачыць на старонках газеты сярод раённых лідараў, ды што раённых, не раз адзначаны І. Кульпа ў вобласці. Бываў ён і на абласных «Дажынках», дзе ўзнагароджвалі лепшых механізатараў. У чарадзе прафесійных клопатаў перадавіку хапае часу і на сям’ю, у якой падрастаюць дзве дачушкі. З жонкай яны трымаюць невялікую гаспадарку, бо прывыклі, каб на стале было ўсё сваё. Пра вялікія гарады Іван Кульпа не марыць, кажа, што сёння можна камфортна жыць і ў сельскай мясцовасці. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.