Тамара Варанецкая — «Чалавек года Браслаўшчыны»

Люди

Тамару Варанецкую ведае бадай што кожная маці як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Бо ўжо больш за 30 гадоў яна стаіць на варце здароўя не аднаго пакалення маленькіх браслаўчан.

Яшчэ падчас вучобы ў школе Т. Варанецкая бачыла сябе дзіцячым урачом. І пасля заканчэння педыятрычнага факультэта Гродзенскага медінстытута па размеркаванні трапіла на Браслаўшчыну, ды так і засталася тут.

Безумоўна, здароўе для чалавека — гэта самае дарагое. А здароўе дзіцяці даражэйшае ўдвая. Таму работа педыятра складаная і вельмі адказная. Да таго ён не толькі ўрач, яшчэ і псіхолаг, і педагог, і цярплівы слухач, а для многіх — сапраўдны член сям’і. Калі ў іншага доктара на прыёме адзін пацыент, то ў педыятра два — дзіця і маці, часта яшчэ прыходзяць таты, бабулі і дзядулі. І з усімі трэба пагаварыць, растлумачыць, супакоіць іх, упэўніць. Як адзначае Т. Варанецкая, давер да ўрача — ужо палова паспяховага лячэння.

Асаблівага падыходу патрабуюць і маленькія пацыенты.

— Дзеці, — кажа суразмоўніца, — як лакмусавая паперка. Яны адразу адчуваюць няпраўду, іх нельга падкупіць. Толькі любоўю і пяшчотай можна пакарыць іх сэрцы.

Сапраўдны прафесіянал, добразычлівы чалавек, Тамара Варанецкая заўсёды знаходзіць ключык да маленькага пацыента. Да кожнага яна падыходзіць з усёй адказнасцю, умее распазнаць сімптомы самых розных захворванняў. Калі патрабуе сітуацыя, прыбяжыць да хворага дзіцяці ў любы час і суткамі не адыходзіць, пакуль яму не стане лепш, часта грэбуючы інтарэсамі сваёй сям’і.

— Гэта такая радасць, — расказвае жанчына, — калі дзіця папраўляецца і на яго тварыку з’яўляецца ўсмешка і здаровы румянец.

Пра такіх, як Т. Варанецкая, кажуць: урач ад Бога. І сваёй спагадлівасцю, клопатам, веданнем справы яна кожны дзень даказвае гэтае высокае званне.

Таму граматнага і добрасумленнага спецыяліста адміністрацыя ЦРБ у 2009 годзе прызначыла раённым педыятрам.

Сучасная медыцына, падкрэслівае Т. Варанецкая, крочыць далёка ўперад, і медыцынскія тэхналогіі пастаянна развіваюцца. На сённяшні дзень у браслаўскай бальніцы ёсць шырокі спектр аказання тэрапеўтычных паслуг для маленькіх пацыентаў. Таму, нягледзячы на тое, што хваробы маладзеюць, урачам удаецца справіцца з рознымі складанымі выпадкамі.

Нехта сказаў, што педыятр — гэта не столькі прафесія, колькі лад жыцця і стан душы. І гэта сапраўды так, бо толькі той, хто шчыра любіць дзяцей і сваю работу, становіцца сапраўдным прафесіяналам, як Тамара Варанецкая. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.