Помнік воінам-вызваліцелям у комплексе з паркам, што па вуліцы Булойчыка, урачыста адкрылі пасля рамонту

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Работы, ініцыіраваныя мясцовымі ўладамі і прафсаюзамі, завяршыліся тут літаральна напярэдадні. У парку кардынальна змянілася атмасфера: пад нагамі з’явіўся прыгожы і нават утульны брук у стылі «стары горад», дызайнерская падсветка і лавачкі, выкананыя па матывах такіх жа ў зоне адпачынку «Брукоўка»: гэты ход, па задумцы, павінен аб’яднаць асобныя раней тэрыторыі ў адзіны комплекс.

Змяніўся не толькі выгляд мемарыяла — спісы вызваліцеляў папоўніліся новымі імёнамі.

Што тычыцца воінскага пахавання, то і яно само, і яго наваколле таксама прыведзены ў адпаведнасць патрабаванням часу. Уваход у мемарыял цяпер абрамляе арка, а ўнутры стаяць стыльныя лаўкі і такія ж ліхтары. Акрамя таго, устаноўлены тры новыя пліты з выбітымі на іх 54 прозвішчамі загінулых пры вызваленні Браслаўшчыны салдат — гэта вынік карпатлівай работы па ўвекавечванні, якая цяпер актыўна ідзе ў раёне.

Дарэчы, на добраўпарадкаванне месца затрачана больш за 40 тысяч рублёў (сродкі суботніка, спонсарская дапамога Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і бюджэтныя грошы). Работы, не шкадуючы часу і сіл, выконваў «Браслаў-камунальнік», для якога завяршэнне бягучага рамонту ў абяцаны тэрмін стала сапраўднай справай гонару.

Адкрываючы комплекс, старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін падзякаваў усім, хто меў дачыненне да яго абнаўлення, і зазначыў, што гэта зроблена не толькі напярэдадні свята Вялікай Перамогі, але і ў юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што вельмі сімвалічна.

Традыцыйную ў такіх выпадках чырвоную стужку разам з кіраўніком раёна перарэзалі старшыні райсавета Ніна Пучынская і раённага аб’яднання прафсаюзаў Павел Сільчонак. Яны ж і першымі ўсклалі да помніка вянок і кветкі. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.