Герой маёй сям’і. Юныя браслаўчане расказалі пра сваіх родных, якія ўдзельнічалі ў вайне

Вялікай Перамозе - 76
Мы ганарымся ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, з кожным днём гэтых людзей застаецца ўсё менш, але памяць пра іх захавае сучаснае пакаленне. «Браслаўская звязда» распытала ў моладзі, што яна ведае пра сваіх родных, якія змагаліся на фронце.

Кацярына ВАСЮКОВІЧ, вучаніца Опсаўскай школы:

— Мой прадзед Васілій Фёдаравіч Васюковіч жыве ў аграгарадку Вайнюнцы. Яму цяпер 94 гады. Ён пайшоў на вайну ў ліпені 1944 года, трапіў ва Усходнюю Прусію ў складзе 3-га Беларускага фронту, якім камандаваў Чарняхоўскі. Падчас вайны прадзед быў мінамётчыкам. У адным з баёў атрымаў раненне, тры месяцы правёў у шпіталі. Перамогу сустрэў у г. Гумбіне (Прусія). Ён узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй». Я вельмі ганаруся прадзедам: ён для мяне сапраўдны герой, бо яму давялося трапіць на вайну і змагацца за мір.


Аляксандр АРЦІМОВІЧ, вучань Ахрэмаўскай школы:

— Два мае прадзеды прайшлі праз ваенныя выпрабаванні. Гэта Якаў Паўлавіч Качаргін і Іосіф Антонавіч Гінько. Пра іх жыццё мне расказвалі тата і дзядуля. На гэтым фотаздымку — І. Гінько. Пра вайну ён не любіў успамінаць, толькі пад канец жыцця расказаў свайму сыну Мар’яну пра цяжкі ваенны лёс. Адзін з успамінаў тычыцца фарсіравання ракі Нэйсе без лодак, уплаў пад агнём ворага. Скончыў прадзед Іосіф вайну ў Чэхіі ў 1945 годзе. Ён узнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй» і шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі. А Якаў Паўлавіч меў медалі «За перамогу над Германіяй», «За адвагу» і ордэн Чырвонай Зоркі. Ён быў прызваны ў 1943 годзе, некалькі разоў паранены, але дайшоў да Берліна. Я ганаруся сваімі прадзедамі і ўдзячны ім за Перамогу.


Анастасія ШЭМЕЛЬ, вучаніца СШ № 2:

— Мой прадзед Фелікс Міхайлавіч Дуброўскі быў партызанам атрада імя Ракасоўскага брыгады імя Жукава. Родам ён з Зіміркі. За тое, што пайшоў партызаніць, ворагі забілі яго маці. У нашай сям’і беражліва захоўваецца пасведчанне, характарыстыка і медалі. Як вядома з яго характарыстыкі, «на асабістым рахунку лічацца забітымі пяць фрыцаў і паранены 7 чалавек, падарвана 3 шасейныя масты, знішчана 800 метраў тэлефоннай сувязі». А да таго, як трапіў у атрад, ён быў агентурным разведчыкам і перадаваў даныя. Мы ганарымся яго ўзнагародамі, сярод якіх ордэн Айчыннай вайны 2 ступені, медаль «Партызану Айчыннай вайны» 2 ступені, медаль Жукава. Увогуле для прадзеда самае галоўнае свята было 9 Мая. Такім жа важным яно сёння з’яўляецца і для нашай сям’і.


Дзіяна БОЛУНДЗЬ, вучаніца Ахрэмаўскай школы:

— Я памятаю свайго дзядулю Болундзя Івана Піліпавіча. Ён родам з в. Аколіца-Рудава. Падчас вайны яго ў 1943 годзе вывезлі ў Германію, а па вяртанні на радзіму 1 студзеня 1945-га дзядуля пайшоў у армію. Як напісана ва ўзнагародным лісце, «7 мая 1945 года таварыш Болундзь са сваім ручным кулямётам першым фарсіраваў заліў Фрыш-Гаф і сваім агнём прыкрываў пераправу стралковых падраздзяленняў. Падчас узяцця вёскі Лясны Парк падавіў агонь кулямёта, які перашкаджаў прасоўванню падраздзялення. Будучы параненым, не пакінуў поле бою да той пары, пакуль вёску поўнасцю не ачысцілі ад праціўніка». Ён узнагароджаны ордэнамі Славы 3 ступені і Айчыннай вайны 2 ступені, мае медалі «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Кёнігсберга». Мы вельмі ганарымся ім.


Дар’я ДАЛЕЦКАЯ, вучаніца Ахрэмаўскай школы:

— Мой прадзед Агей Лаўрэнцьевіч Яфімаў быў родам з в. Буеўшчына. Ён ажаніўся перад самым пачаткам вайны, а калі пачаліся ваенныя дзеянні, партызаніў, летам жа 1944-га пасля вызвалення Браслаўскага раёна пайшоў у армію. На жаль, амаль ніякіх дакументаў і фотаздымкаў ваеннага часу ў нас не засталося, акрамя… пахаванкі. Нам вядома, што прадзед ваяваў ва Усходняй Прусіі, там жа 13 сакавіка 1945 года гераічна і загінуў. Жонка засталася з траімі дзецьмі. Наша сям’я заўсёды памятае пра яго.


Таццяна АРЦЁМАВА, гімназістка:

— Пра свайго прадзеда Івана Раманавіча Шыпулю я ведаю са слоў родных. Ён ваяваў з першага дня вайны і ўдастоены розных узнагарод. Сярод іх ордэн Чырвонай Зоркі, тры ордэны Вялікай Айчыннай вайны 1, 2, 3 ступеней, медалі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна» і інш. Ён быў адказны, справядлівы і мужны чалавек. Пасля вайны працаваў у розных раёнах, доўгі час быў у Браславе пракурорам. Мы ім вельмі ганарымся. ■