Жыхары Опсы падзяліліся меркаваннямі пра сваю малую радзіму

Главное Год малой родины
Аграгарадку Опса больш за 500 гадоў. Паслухаем, што кажуць пра сваю малую радзіму сучасныя жыхары населенага пункта.

Таццяна СЦЕФАНОВІЧ, намеснік дырэктара Опсаўскай школы:

— Опса — месца, з якім звязаны самыя найлепшыя моманты майго жыцця, прыемныя сустрэчы і дні. Менавіта тут я пазнала шчасце і радасць, сум і крыўды, каханне… У Опсе нарадзіліся мае дзеці, жывуць блізкія і любімыя мне людзі. Менавіта тут вее спакоем, дабрынёй, хочацца займацца творчасцю і працаваць. Усёй сям’ёй мы любім велапрагулкі па наваколлі, ходзім у лес у ягады і грыбы, ездзім на пікнікі і рыбалку. Словам, тут шмат месцаў для ідэальнага сямейнага адпачынку.

Кожны дзень, спяшаючыся на працу, я заўважаю, як мясцовыя жыхары клапоцяцца пра чысціню і прыгажосць роднага аграгарадка, садзяць сады, разбіваюць кветнікі, наводзяць парадак… І ў гэтым выражаецца іх любоў да Опсы. Шум вуліцы, шолах дрэў, шчабятанне птушак…У гэтых гуках — подых Опсы і стук яе сэрца. Я яго чую і адчуваю. Хочацца верыць, што так будзе заўсёды.

Ева БЭЙНАР, школьніца:

— Адсюль родам мае блізкія, і тут пачалося маё жыццё. У Опсе жыў і прадзед Антон Раманцэвіч, ён працаваў на чыгунцы. Непадалёку ад аграгарадка сядзібы маіх дзядуляў і бабуль, яны вучыліся ў школе, а цяпер у ёй займаюся я і мая сястра. Вельмі люблю хадзіць на мясцовае возера разам з бацькамі: гэта маё любімае месца.

Для мяне Опса — лепшы аграгарадок для жыцця. Нягледзячы на тое, што яму ўжо больш за 500 гадоў, ён не адстае ад часу. Для падлеткаў гэта вельмі важна. Тут ёсць інтэрнэт і сучасная гульнявая пляцоўка, дзе можна бавіць час з сябрамі. У Опсе шмат цікавых архітэктурных будынкаў — там атрымліваецца ўдалае сэлфі. Для мяне, як для пачынаючага блогера, гэта вельмі добра, бо можна зняць цікавае відэа. ■

Фота Алены НАБЕЕВАЙ.