Як прымаюць малако ў Браслаўскім цэху па вытворчасці сыру

Экономика и финансы
У ланцугу вытворчасці сыру важным, і гэта без перабольшвання, з’яўляецца кожны этап. Каб атрымаць смачны канкурэнтназдольны прадукт, патрэбна якасная сыравіна і намаганні не аднаго дзясятка людзей розных прафесій. І перш чым малако трапіць да майстра-сыравара, яно абавязкова пройдзе праз руплівыя рукі і ўважлівае вока пільнага прыёмшчыка.

Такім адказным аб’ектам, як прыёмка малака, у Браслаўскім цэху па вытворчасці сыру загадвае Алёна Кіркілевіч. Жанчына працуе на заводзе вось ужо 20 гадоў, шэсць з якіх — прыёмшчыцай.

Калегі кажуць, што такая прафесія акуратнай і далікатнай Алёне Вітольдаўне падыходзіць, як нікому іншаму, бо тут, на прыёмцы, — тэрыторыя стэрыльнасці.

Чысціня — залог якасці, таму ўязджаюць малакавозы ў цэх толькі праз спецыяльную мыйную зону. Абавязкі ж прыёмшчыцы — праверыць спраўнасць і чысціню абсталявання прыёмнага цэха і аддзяленне для захоўвання малака і малочных прадуктаў, падрыхтаваць ёмістасці і лінію да прыёмкі і падачы сыравіны. Калі прыехаў малакавоз, спецыяліст аглядае цыстэрну і правярае наяўнасць пломб. І нават вопратка вадзіцеля-малакавозчыка знаходзіцца на ўвазе ў строгай прыёмшчыцы.

Адказны момант — улік малака па аб’ёме: літры па лічыльніку павінны супасці з лічбамі ў дакументах. Разам з лабарантамі А. Кіркілевіч вызначае якасць сыравіны і ў адпаведнасці з сортам па электроннай панэлі адпраўляе малако ў розныя рэзервуары.

Адгрузкай малака, вяршкоў і малочнай прадукцыі таксама займаецца прыёмшчык. Усюды трэба весці строгі ўлік якасці і разыходжання вагі, афармляць як след дакументацыю, а пасля — зноў памыць і дэзынфіцыраваць абсталяванне, працоўнае месца для прыезду наступных малакавозаў.

— Алёна Вітолдаўна — ювелір сваёй справы, — кажа старшы майстар цэха Вольга Даргель. — Яна заўсёды адказна ставіцца да работы, здольна аналізаваць новую сітуацыю і аператыўна прымаць рашэнні. Не палохаюць нашу прыёмшчыцу і вялізныя аб’ёмы працы. Напэўна, таму ў кіраўніцтва і не ўзнікла пытанняў пры адборы намінантаў на званне «Лепшы па прафесіі». ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.