Як будзе арганізавана летняя аздараўленчая кампанія для юных браслаўчан

Власть и общество
Заканчваецца чарговы навучальны год, наперадзе ў школьнікаў бесклапотныя летнія канікулы. І вельмі важна, каб за гэты час яны змаглі добра і цікава аздаравіцца і адпачыць, а галоўнае, без здарэнняў і трагедый. З гэтай нагоды штогод у маі праводзіцца пашыраная нарада, дзе абмяркоўваюцца пытанні арганізацыі летняй занятасці непаўналетніх

Сёлета, як і заўсёды, у яе рабоце прынялі ўдзел намеснікі дырэктараў і начальнікі лагераў устаноў адукацыі, прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых служб і арганізацый раёна.

Як адзначыла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела райвыканкама па адукацыі Алена Гірон паведаміла прысутным, што згодна з раённым планам аздараўлення ў гэтым годзе змогуць адпачыць 732 навучэнцы, з іх у лагерах з дзённым знаходжаннем плануецца прыняць 300 школьнікаў, у палатачных кругласутачных — 341, у лагерах працы і адпачынку — 91.

Амаль ва ўсіх установах адукацыі раёна свае дзверы адчыняць лагеры дзённага знаходжання дзяцей. Пры арганізацыі трохразовага харчавання і дзённага сну для вучняў пачатковых класаў школьнікі будуць у іх знаходзіцца да 16 гадзін. Юных падарожнікаў запрашаюць у палатачныя кругласутачныя 9-дзённыя лагеры. Як заўсёды, будуць дзейнічаць і профільныя лагеры. Так, сумесна з ваенкаматам запланаваны абаронна-спартыўны лагер для дапрызыўнай моладзі. Пры падтрымцы пагранічнага камітэта будуць арганізаваны яшчэ пяць лагераў ваенна-патрыятычнага профілю. Акрамя гэтага, дзяцей запрашаюць адпачыць у лагерах мастацкага, турысцка-краязнаўчага, эколага-біялагічнага, грамадска-гуманітарнага і спартыўна-аздараўленчага напрамкаў.

Падводзячы вынікі нарады, Алена Гірон рэзюмавала, што арганізацыя адпачынку, аздараўлення і занятасці непаўналетніх у летні перыяд з’яўляецца прыярытэтнай задачай усіх суб’ектаў прафілактыкі. Трэба максімальна ахапіць навучэнцаў рознымі цікавымі мерапрыемствамі, уцягнуць іх у заняткі секцый і гурткоў. А тых, хто жадае падзарабіць на канікулах, — працаўладкаваць. Асаблівую ўвагу пры гэтым варта надаваць дзецям, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку, а таксама знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А. Гірон настойліва рэкамендавала прысутным размяшчаць планы мерапрыемстваў на розных інтэрнэт-рэсурсах, каб як мага больш бацькоў змаглі з імі азнаёміцца.

Галоўнае — дзеці павінны адпачыць, аздаравіцца і поўнымі сіл уступіць у новы навучальны год. ■

Алена ПЯТУШКА.