«Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”» ўнёс некаторыя змены ў рэжым аматарскага рыбалоўства

Экономика и финансы
Завяршаецца вяснова-летняя нераставая забарона на рыбалоўства, устаноўленая ў рыбалоўных угоддзях Віцебскай вобласці па 8 чэрвеня. Напярэдадні выхаду маламерных плаўсродкаў на водную гладзь дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”» ўнесла некаторыя змены ў рэжым аматарскага рыбалоўства на вадаёмах, перададзеных ёй у бязвыплатнае карыстанне.

Як паведамілі ў навуковым аддзеле нацпарка, з 20 мая ў пералік 29 азёр, на якіх сёлета арганізуецца платнае аматарскае рыбалоўства, увайшло і воз. Бужа. Такім чынам, бясплатная аматарская рыбалка дазволена на аз. Мілашкі, Астравіта, Плуценак, Янка (Бабылёўскае), на рэчках Дрысвятка, Друйка, Рака, Акунёўка, пратоках паміж воз. Саванар і Бужа, воз. Войса і Струста, а таксама на вадаёмах запасу.

Падводнае паляванне ў светлы час сутак будзе дазволена на аз. Струста, Доўгае і Бужа, а інтэнсіўная лоўля з прымяненнем агульнай колькасці кручкоў ад 6 да 10 на аднаго рыбалова — на аз. Альбенаўскае, Золава, Цно, Вялікая Ельня і Загорнае.

Яшчэ адна навізна — рэалізацыя ўніверсальных пуцёвак. Пры набыцці такой пуцёўкі дазволена звычайная лоўля рыбы снасцямі, не забароненымі Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, а таксама на жыўца і на дарожку з маламерных суднаў, аснашчаных падвяснымі рухавікамі магутнасцю да 15 к. с., з агульнай колькасцю кручкоў не больш за 5 штук на рыбалова на ўсе віды лоўлі.

Навуковы супрацоўнік нацпарка Яўген Кардэль таксама звяртае ўвагу рыбаловаўаматараў на пункты 20 – 22 Рэжыму платнага аматарскага рыбалоўства ў ДПУ «Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”». Згодна з імі падчас лоўлі рыбы на жыўца па адпаведнай пуцёўцы, на дарожку з суднаў з рухавікамі дапускаецца і звычайная лоўля рыбы без набыцця асобнай пуцёўкі пры выкарыстанні агульнай колькасці кручкоў не больш за 5 штук на рыбалова, а таксама не больш за 10 кручкоў, калі рыбачыць па адпаведнай пуцёўцы на аз. Альбенаўскае, Золава, Цно, Вялікая Ельня і Загорнае.

Нагадаем, што ў прэйскуранце цэн пуцёвак прыродаахоўнай установы на аматарскае рыбалоўства існуюць ільготы. Так, на звычайную лоўлю пуцёўкі выдаюцца бясплатна ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам 1 і 2 групы, пенсіянерам раёна, непаўналетнім да 16 год, а таксама асобам, якія ўладкаваліся на базах адпачынку нацпарка.

На звычайную лоўлю са скідкай рэалізуюцца пуцёўкі жыхарам раёна, а таксама работнікам нацыянальнага парка.

Падчас лоўлі на жыўца пуцёўкі са скідкай прадаюцца жыхарам раёна, удзельнікам вайны, інвалідам 1 і 2 групы, непаўналетнім да 16 год, работнікам нацпарка і асобам, што размясціліся на базах адпачынку прыродаахоўнай установы.

Набыць пуцёўкі магчыма кругласутачна ў адміністрацыйным будынку арганізацыі ў дзяжурнага, у рабочы час — у лясніцтвах нацпарка (Богінскім, Друйскім, Дубраўскім, Замошскім, Ёдскім) і на ўсіх базах адпачынку, у летні час — на інфармацыйных пастах, а таксама ў іншых месцах, указаных на афіцыйным сайце ДПУ НП «Браслаўскія азёры».

Пытанні наконт аматарскага рыбалоўства на вадаёмах нацыянальнага парка можна адрасаваць у любы час дзяжурнаму па тэлефоне 67-7-10. ■

Казімір ПЯТУШКА.