Дыхтоўны падарунак да свята Перамогі атрымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Юліан Маслоўскі

75 гадоў з дня вызвалення Беларусі Власть и общество
Агульнымі намаганнямі ТЦСАН і вытворчага філіяла «Браслаўрыба» Глыбоцкага МКК яму ўстанавілі добрую агароджу вакол прысядзібнай тэрыторыі.

Як расказаў Ю. Маслоўскі, яго старая агароджа, якую ён сам паставіў амаль 50 гадоў таму назад, ужо значна пацярпела ад часу. Са сваёй праблемай ветэран пайшоў да дырэктара сацыяльнай установы. Жанчына яго ўважліва выслухала і паабяцала зрабіць усё магчымае.

Але на гэтае будаўніцтва цэнтр змог выдзеліць толькі 200 рублёў матэрыяльнай дапамогі. Зразумела, за такія грошы пытанне не закрыць. Тады В. Атрашкевіч пры садзейнічанні намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Вялічка звярнулася да кіраўніцтва вытворчага філіяла «Браслаўрыба», дзе шмат гадоў працаваў Ю. Маслоўскі. На прадпрыемстве дабрачынную ініцыятыву падтрымалі.

За сродкі арганізацыі набылі сучасныя будматэрыялы, і праз некалькі дзён новая металічная агароджа ўжо ўпрыгожвала сядзібу.

Ветэран вельмі задаволены такім значным падарункам і выказвае вялікую падзяку ўсім, хто адгукнуўся на яго просьбу. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.