Браслаўскія байкеры сумесна з БРСМ зладзілі мотапрабег і павязалі гальштукі піянерам

Беларусь помнит
З вялікай удзячнасцю гераічнаму пакаленню пераможцаў праходзіць у краіне рэспубліканская акцыя «Беларусь памятае», прысвечаная вызваленню нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Далучыліся да яе і браслаўчане.

Актывісты БРСМ і мясцовага аддзялення мотаклуба Road Dogs MC здзейснілі мотапрабег і паўдзельнічалі ў мерапрыемстве Опсаўскага ЯССШ. Перад тым, як адправіцца ў дарогу, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС Анатоль Баравік правёў інструктаж па правілах дарожнага руху.

Рокат матацыклаў у двары школы адразу прыцягнуў да сябе ўвагу не толькі вучняў, але і настаўнікаў. Сцяг-шоу сустрэлі опсаўскія школьнікі сваіх незвычайных гасцей, для якіх дырэктар установы адукацыі правяла экскурсію. Затым у актавай зале першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Сайкоўская ўручыла крэатыўным юнакам і дзяўчатам школы членскія білеты новага ўзору, а браслаўскія байкеры павязалі юным піянерам гальштукі і прычапілі маленькім акцябратам зорачкі.

Падчас урачыстага прыёму вучняў у грамадскія аб’яднанні школьныя артысты радавалі гледачоў цікавымі нумарамі на ваенную тэматыку. Пасля канцэртнай праграмы адбыўся адкрыты дыялог педагогаў, дзяцей і гасцей мерапрыемства.

Пасля змястоўнай і цікавай гутаркі ўдзельнікі мотапрабегу і вучні Опсаўскай школы ўсклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.