Браслаўскія азёры папоўніліся мальком шчупака

Экономика и финансы
У апошняй дэкадзе красавіка прыродаахоўная ўстанова НП «Браслаўскія азёры» прадоўжыла зарыбленне вадаёмаў, перададзеных ёй у бязвыплатнае карыстанне.

Мэтанакіравана папаўняць азёры мальком нацыянальны парк пачаў з 2015 года і, напрыклад, летась у адпаведнасці з рыбалоўна-біялагічнымі абгрунтаваннямі цалкам закрыў норму зарыблення такіх вадаёмаў, як Поцех, Дрывяты, Войса і Бужа. Лічынкамі шчупака папоўніліся таксама азёры Болта, Золава, Мілашкі і Янка.

Сёлета ж, як паведамілі ў навуковым аддзеле нацыянальнага парка, установа закупіла ў рыбгасе «Навінкі» 3,1 млн штук лічынак шчупака на агульную суму 23 085,69 рублёў і зарыбіла імі 15 азёр: Альбенаўскае (46,7 тыс. штук), Богінскае (800), Высокае (92), Доўгае (182), Загорнае (74), Ельна (88), Ельня Вялікая (49), Мядзведна (84), Абаб’е (136), Астравіта (46), Плуценак (46), Струста (666,3), Цно (94), Волас Паўднёвы і Паўночны (539), Балойса (160).

Акрамя таго, у агульнай колькасці 157,8 тыс. штук мальком шчупака папоўніліся азёры Золава, Болта і Саванар з уласнага рыбагадавальніка нацыянальнага парка «Мякяны».

Запушчаныя ў вадаёмы малькі дасягнуць прамысловай меры не раней, як праз 3 гады. Нагадаем, што згодна з Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства мінімальны памер вывуджанага шчупака павінен складаць не менш за 40 см, а драбнейшых асобін трэба вяртаць назад у водную стыхію. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.