Можна паабедаць за рубель-паўтара. Рэйд па сталовых мясцовых гаспадарак

Главное Деньги
У гэтыя дні праца на палетках раёна кіпіць паўсюдна. Намаганні аграрыяў скіраваны на своечасовае і якаснае правядзенне пасяўной кампаніі. «Браслаўская звязда» тым часам пацікавілася, як наладжаны працэс харчавання ў мясцовых гаспадарках у гэтыя вясновыя дні.

Рэйд па сталовых быў арганізаваны сумесна з галоўным санітарным урачом раёна Вольгай Рудаковай, якая правярала санітарныя ўмовы гатавання ежы, правільнасць захоўвання прадуктаў і іншыя нюансы, а таксама са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза АПК Мікалаем Вялічкам.

Адразу адзначу, што працэс харчавання механізатараў годна наладжаны абсалютна ва ўсіх гаспадарках. І вялікіх праблем з адкрыццём сталовых у гэтым годзе не было. Без піхання ў спіну адказных за гэты важны працэс асоб прайшлі касметычныя рамонты ў памяшканнях сталовых, пасля зімовага застою вымыты і вычышчаны ўсе куткі.

Два разы ў дзень гарачае харчаванне дастаўляюць на поле да месца, дзе кіпіць праца. А ў «Маяку» работнікам яшчэ выдаюць і сняданак.

Меню аграрыяў даволі разнастайнае. На абед усюды рыхтуюць супы. Боршч, гарохавы, булёны з крупамі і макаронамі. Маякоўцы, безумоўна, аддаюць перавагу мясным стравам са свініны, у «Агравідзах» для прыгатавання выкарыстоўваюць ялавічыну сваёй вытворчасці, астатнія «націскаюць» на больш таннае мяса курыцы.

На гарнір повары чаргуюць крупяныя кашы, макароны і бульбу. Як прызналіся гаспадыні, часцей усё ж да мяса падаюць бульбу, хоць з ёй больш прыходзіцца павазіцца, але яна і сытнейшая, і мужчынам падабаецца лепш за кашу.

Што датычыцца аплаты за харчаванне, то ў кожнай гаспадарцы цэны свае. Аднак паўсюль аграрыі плацяць за ежу толькі 20 – 50 % ад яе кошту, прыкладна рубель-паўтара.

Разам з дастаўкай ежы на поле прывозяць ваду, мыла, ручнікі. Есці даводзіцца на палетках. Адзначу, што і порцыі механізатарам накладваюць не рэстаранныя, таму нараканняў, што хтосьці недаядае, ніколі не пачуеш. Самі ж мужчыны ў адзін голас кажуць, што кормяць іх заўсёды смачна, як дома. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.