Юныя ратавальнікі-пажарныя спаборнічалі ў Браславе

Новости
Раённы злёт клубаў юных ратавальнікаў-пажарных адбыўся на мінулым тыдні на базе гімназіі. Пяць каманд з Відзаўскай, Друеўскай, Опсаўскай і дзвюх гарадскіх школ змагаліся за званне лепшых памочнікаў эмэнэсаўцаў.

Пачалося спаборніцтва з агляду страявой падрыхтоўкі, і адразу стала зразумела: барацьба будзе напружанай. Часам хваляванне перад строгімі суддзямі зрывала чаканны крок ці перанімала паветра падчас страявой песні, аднак юныя пажарныя трымалі марку да канца і ў наступных конкурсах змаглі праявіць свае здольнасці.

Дарэчы, заданні трапляліся не з лёгкіх. Трэба было паказаць веданне тэорыі ў тэстах па асновах бяспекі жыццядзейнасці, абараніць візітку сваёй каманды падчас творчага конкурсу, зняць відэаролік на супрацьпажарную тэматыку, прайсці выпрабаванні пажарнага кросфіту і аказаць медыцынскую дапамогу пацярпелым. Кожны этап вылучыў сваіх лідараў. Напрыклад, найбольшую колькасць правільных адказаў за абмежаваны час па АБЖ выдала Кацярына Абалевіч з СШ № 1, а як страявы камандзір праявіла сябе Злата Юркевіч — вучаніца класа МНС СШ № 2.

Конкурс ёсць конкурс, і першым у ім становіцца заўсёды толькі адзін. На гэты раз перамога, а разам з ёй і права абараняць гонар раёна на занальным этапе абласнога злёту КЮРП заслужана дасталіся юным «агняборцам» з першай гарадской школы. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.