Браслаўчанка стала лаўрэатам прэстыжнага міжнароднага конкурсу «Новыя вяршыні — 2019»

Главное Люди
У пачатку красавіка пяць з паловай тысяч творчых маладых людзей з Беларусі, Расіі, Славеніі, Украіны, Польшчы і Казахстана сабраліся ў Мінску, каб прыняць удзел у V Міжнародным фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні – 2019». Штогод гэтае маштабнае мерапрыемства, якое працягваецца амаль тыдзень, прымае юных выканаўцаў з замежных краін і дзясяткаў гарадоў нашай рэспублікі. Яго праграма надзвычай насычаная: конкурсныя праслухоўванні і прагляды праходзяць у больш як дваццаці намінацыях у розных узроставых катэгорыях. Сёлета сярод удзельнікаў фестывалю значылася і браслаўчанка Эвеліна Фелькіна, адзінаццацікласніца СШ № 1.

Мясцовым аматарам музыкі добра вядома гэта таленавітая абаяльная дзяўчына: цяжка ўявіць конкурс ці канцэрт без яе ўдзелу. Не адзін раз перамагала ў раёне, паспяхова выступала ў вобласці. Па словах настаўніцы музыкі Галіны Алексніной, у якой Эвеліна займаецца ў гуртку аж з 5-га класа, спявае тая ў школе і ў касцёле, сольна і ў складзе вакальнай групы, да таго ж яшчэ вучыцца ў ДШМ іграць на гітары. Але з цягам часу Эвеліне стала цесна ў рамках мясцовых конкурсаў, захацелася паспрабаваць свае сілы на вышэйшым узроўні, тым больш што адзінаццацікласніца збіраецца абраць творчую прафесію. Сям’я падтрымала мару, асабліва мама спадзявалася, што дачка здольная дасягнуць чагосьці большага. Пасля пошукаў у інтэрнэце вырашылі падаць заяўку на ўдзел у фестывалі «Новыя вяршыні – 2019», і дзяўчына з дапамогай педагога пачала рыхтавацца да выступлення.

— Рэпеціраваць сталі яшчэ зімой, — расказвае Галіна Аляксандраўна. — Мы выбралі песню «Васільковае неба», бо Эвеліне лепш удаюцца лірычныя кампазіцыі. Акрамя таго, трэба было прадумаць і вобраз, падабраць убранне — прыгожую сукенку, вяночак.

Старанная праца, парады настаўніцы і талент самой дзяўчыны далі добрыя вынікі: у намінацыі «Сольнаэстрадныя спевы з 16 да 18 гадоў» прафесійнае журы адзначыла браслаўчанку дыпломам ІІ ступені. Праўда, спачатку сама Эвеліна свае шансы ацэньвала як невялікія: канкурэнцыя склалася вельмі сур’ёзная, бо практычна ўсе ўдзельнікі займаюцца ў спецыялізаваных установах — эстрадных студыях, каледжах мастацтваў, музычных школах, таму слабых вакалістаў там не было. Але, як кажуць, надзея памірае апошняй. Тым большая была радасць, калі журы высока ацаніла ўзровень спеву і сцэнічны вобраз дзяўчыны.

Так вакальныя здольнасці Эвеліны, падтрымка бацькоў і педагога дапамаглі ёй узняцца на новую прыступку, пакарыць яшчэ адну творчую вяршыню. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.