«Браслаўская звязда»: успаміны былой супрацоўніцы

Год малой родины
Калі верыць сцвярджэнню, што вопыт прыходзіць з гадамі, то не ведаю, напрыклад, больш вопытнага журналіста ў раёнцы, чым Тамара Іванаўна Пашкевіч. Прыйшоўшы ў рэдакцыю адразу пасля школы, у 1966-м, яна адпрацавала ў «Браслаўскай звяздзе» 45 гадоў: смехам сама гаворыць, што столькі не жывуць, колькі яна піша (не спыняецца, дарэчы, і цяпер, працягвае журналісцкую дзейнасць уласным карэспандэнтам абласной газеты). Больш чым за чатыры дзесяцігоддзі змяняўся і час, і дзяржаўны строй, і ўклад жыцця — усё гэта адбівалася на старонках раёнкі, праходзіла праз журналісцкі розум, пачуцці і пяро. Тамары ж Іванаўне прыйшлося працаваць не толькі ў розны час, але і пры розных рэдактарах. Як гэта было, яна ўспамінае цяпер:

— Першым рэдактарам раённай газеты, з якім давялося пазнаёміцца ў жыцці, была мой класны кіраўнік Аляксандра Васільеўна Паўлоўская. І хоць з намі, вучнямі 9 «А» класа школы імя А. Жданава, была нядоўга, але запомнілася вельмі энергічным і ідэйна перакананым чалавекам. Палітінфармацыі і класныя гадзіны, якія яна праводзіла, заўсёды былі бурнымі, дыскусійнымі, а таму і надзвычай цікавымі. У час аднаго з такіх мерапрыемстваў Аляксандра Васільеўна расказала і пра работу ў рэдакцыі газеты «Звязда», калектыў якой узначальвала з 1947 па 1954 гады.

Гэта быў няпросты час ва ўсіх адносінах: на землях Заходняй Беларусі ўсталёўвалася савецкая ўлада, узнаўлялася разбураная вайной народная гаспадарка, знішчаліся апошнія бандфарміраванні, адбываліся розныя падзеі, якія ў ідэалагічна вывераным накірунку таго часу і павінны былі асвятляць работнікі газеты. Прафесіянальных журналістаў рэдакцыя не мела. Сама Аляксандра Васільеўна спачатку скончыла Аршанскае педвучылішча, пазней — Магілёўскі педінстытут, займалася прафсаюзнай і партыйнай работай. З пасады прапагандыста Браслаўскага РК КПБ, на якую была пераведзена ў 1945 годзе з Гомельскай вобласці, яе назначылі адказным рэдактарам райгазеты «Звязда». Калектыў, як расказвала, быў дружны, але аднойчы надрукавалі, як кажуць, не «той» артыкул, за што яе вызвалілі з пасады.

Другім не проста знаёмым рэдактарам, а непасрэдным кіраўніком амаль на сем гадоў стаў Мітрафан Мікалаевіч Башлакоў. Калектыў газеты «Браслаўская звязда» ён узначаліў летам 1965 года. За плячамі меў ужо вялікі вопыт журналісцкай работы, якую пачаў у 1937 годзе. Быў літаратурным супрацоўнікам раённай і рэспубліканскай газет, пазней стаў намеснікам рэдактара абласнога выдання «Бальшавіцкі шлях» горада Полацка, рэдагаваў раёнкі ў Навагрудку, Шчучыне.

У 1966 годзе пасля няўдалага паступлення ў медыцынскую навучальную ўстанову я шукала работу. Хтосьці з настаўнікаў параіў звярнуцца ў рэдакцыю… Так стала карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання і амаль 7 гадоў адпрацавала на гэтай пасадзе.

У рэдакцыі якраз быў перыяд, калі ішло абнаўленне кадраў, мяняліся пакаленні. З запозненай удзячнасцю трэба сказаць, што Мітрафан Мікалаевіч любіў моладзь і давяраў ёй. Менавіта ён паверыў і прыняў на работу без прафесіянальнай падрыхтоўкі не толькі мяне, а і Нікіфара Цярэнцьева, Аляксандра Еўдакімава, Валерыя Плюскова, Вольгу Жанухіну і многіх іншых, каму даў пуцёўку ў жыццё. Ён быў нам добрым «бацькам»: калі трэба — спаганяў, пры неабходнасці — абараняў перад першым сакратаром РК КПБ, на «ковер» да якога асабіста мне даводзілася трапляць не раз.

У сельскагаспадарчы прыпар перадачы радыё павінны былі выходзіць штодзень, мець жывыя галасы хлебаробаў на фоне працуючай тэхнікі. Выканаць гэта патрабаванне з магнітафонамі марак «Яўза», а потым «Рамантык» не заўсёды ўдавалася. І тады рэдактара з карэспандэнтамарганізатарам выклікалі ў райкам. У такіх сітуацыях Мітрафан Мікалаевіч, які лепш за іншых ведаў работу свайго супрацоўніка, даволі часта браў адказнасць на сябе.

Для нас, маладых, рэдакцыя стала другім домам, дзе заседжваліся дапазна, абмяркоўвалі тэмы будучых артыкулаў, пазнавалі паэзію па-за школьнай праграмай, якую ведаў і любіў наш рэдактар, мужчыны часта бавілі час за шахматамі.

Напэўна, і ў той час наша раёнка была далёка не горшай газетай у вобласці, бо менавіта за журналісцкую дзейнасць у 1976 годзе М. Башлакоў быў узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны». (Працяг будзе…). ■

Фота Веры БУЛАНАВАЙ.