Юны жыхар Відзаў стварае незвычайныя вырабы з пластыліну

Отдых
З дзяцінства ўсе мы знаёмы я з пластылінам. Напэўна, кожны, калі быў маленькім, ляпіў з яго розныя фігуркі. Аднак для большасці з нас лепка так і засталася ў мінулым. А вось для вучня 4 класа Відзаўскай СШ Дзмітрыя Бічаля гэты занятак перарос у хобі.

З малых гадоў хлопца цягнула да мастацтва. Спачатку захапіўся маляваннем і нямала часу аддаваў гэтаму занятку. Пакуль аднойчы ў інтэрнеце не ўбачыў майстар-клас па вырабе з гліны. І загарэўся ідэяй ствараць розныя вырабы.

— Паколькі патрэбнай гліны ў нас няма, — кажа школьнік, — вырашыў замяніць яе пластылінам. Тым больш з ім і працаваць лягчэй, ды і асаблівых прылад не трэба.

І тут, як кажуць, пайшло-паехала. Зразумела, першыя пластылінавыя вырабы былі несамавітыя, але з цягам часу яны станавіліся больш складанымі і дасканалымі. І на сёння ў калекцыі Дзмітрыя можна ўбачыць незвычайных персанажаў камп’ютарных гульняў: у іх нават самыя маленькія дэталі адпавядаюць арыгіналу. Ёсць танк, у якога здымаецца пушачная вежа, адкрываецца маторнае аддзяленне, дзе знаходзяцца часткі рухавіка. Над гэтым вырабам хлопец працаваў амаль дзевяць гадзін. Але ж найбольшае ўражанне выклікаюць кампазіцыі з пластыліну. У першую чаргу — рэканструкцыя аварыі на ЧАЭС. У ёй выратавальны верталёт не толькі «завіс» над станцыяй, а з яго яшчэ льецца вада, якую хлопец стварыў з клею. На гэтую прыгажосць пайшло 15 каробак пластыліну. Кампазіцыя была адзначана журы на абласным конкурсе «Ратавальнікі вачыма дзяцей» дыпломам і спецыяльным прызам.

Бацькі падтрымліваюць захапленне свайго сына, пры неабходнасці дапамагаюць яму зрабіць падстаўку ці каркас з дроту, раяць, як ажыццявіць тую ці іншую задуму.

Большая частка калекцыі Дзмітрыя знаходзіцца ў школьнай бібліятэцы. І па словах яе супрацоўніцы, вучні з цікавасцю разглядаюць пластылінавыя вырабы і з нецярпеннем чакаюць новых работ.

Як адзначыла класны кіраўнік, пры сваім захапленні, якое патрабуе шмат часу, Д. Бічэль добра вучыцца, актыўна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах класа і школы. Ён адказны, старанны вучань і добразычлівы сябар.

Пакуль Дзмітрый марыць стаць скульптарам. Што ж, магчыма, гэтае дзіцячае захапленне перарасце ў прафесію. І відзаўскі хлопец сваімі прыгожымі работамі праславіць родны край. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.