Полымя вайны паглынула яе мірнае і шчаслівае жыццё. Успаміны жыхаркі г. п. Відзы Ганны Піровіч

Вялікай Перамозе - 76
Усё менш застаецца сведкаў, якія памятаюць ледзяны подых вайны. Таму кожны іх успамін, як перасцярога, вельмі значны для сучаснага і будучых пакаленняў. Вось і жыхарцы г. п. Відзы Ганне Піровіч лёс наканаваў перанесці цяжар прыгнёту нямецкіх гаспадароў.

Да вайны дзяўчына шчасліва жыла ў в. Блажышкі разам з бацькамі і малодшай сястрой. Дапамагала дарослым завіхацца па гаспадарцы, даглядала сястрычку, строіла ўласныя мары на будучыню і радавалася кожнаму новаму дню.

Аднак полымя вайны паглынула яе мірнае і шчаслівае жыццё.

Дзяўчыне было 16 гадоў, калі вясной 1943 года па загадзе нямецкіх захопнікаў ёй давялося адправіцца ў далёкі пакутніцкі шлях. Спачатку ўсіх гаротнікаў з Відзаў прыгналі ў Вільнюс. Тут на станцыі быў размешчаны медпункт. Немцы прымусілі палонных распрануцца, памыцца халоднай вадой, а потым вялікая чарга людзей выстраілася на агляд да ўрачоў. Жах і роспач трымалі няшчасных на мяжы з вар’яцтвам. Тых, у каго знаходзілі якую-небудзь хваробу, адпраўлялі ў другі натоўп. Але зусім не на лячэнне…

Здаровых палонных загрузілі ў «цялятнікі» і павезлі на пакуты. Людзей у вагоны запіхвалі столькі, узгадвае Г. Піровіч, што і прысесці было нельга.

Калі прыбылі ў нямецкі горад, усіх гаротнікаў выставілі ў рад, каб «пакупнікі» маглі выбраць сабе работнікаў. Ганну і дзяўчыну з Глыбокага ўзялі да сябе дзве пажылыя немкі. Так спужаныя беларускі апынуліся ў вялікім прыгожым маёнтку, але ад гэтага хацелася толькі плакаць. Пасялілі ў невялікім пакоі, дзе былі толькі ложкі і крэсла.

— Працаваць даводзілася, — расказвае суразмоўніца, — з ранку да позняга вечара. Прыбіралі шматлікія пакоі, мылі бялізну, вазілі абеды для работнікаў на фабрыку.

Кармілі дзяўчат вельмі дрэнна: у абед талерка «пустога» супу і маленькая скібачка хлеба. Таму есці гаротніцам хацелася ўвесь час. Калі ад голаду ў вачах з’яўляліся мятлікі, дзяўчаты ўпотай па чарзе бралі ежу ў гаспадарскіх сабак, бо іх кармілі намнога лепей. Каб памыцца, цёплую ваду прыносілі з фабрыкі і ў пакоі так-сяк паласкаліся з вядра.

З чужыны Ганна напісала дадому адзін ліст, у якім указала свой нямецкі адрас. І аднойчы з радзімы ёй прыйшла пасылка, куды маці паклала сухары і адзенне.

— Гэта было сапраўднае свята, — узгадвае Г. Піровіч. — Столькі радасці! Увесь дзень хадзіла са шчаслівай усмешкай.

Гаспадыні не надта здзекваліся са сваіх парабчанак. Сын адной з іх нават даваў дзяўчатам чытаць рускія кнігі, іншы раз прыносіў хлеба. Тым не менш пакаранне, у тым ліку і смяротнае, чакала за любую правіннасць.

Вызваленне прыйшло ў 1945 годзе разам з рускімі салдатамі. Гаспадыні ўгаворвалі беларусак застацца, абяцалі дапамагчы ўладкавацца на працу і вывучыць нямецкую мову. Але, безумоўна, дзяўчатам вельмі хацелася вырвацца з гэтага пекла і хутчэй дабрацца дадому.

Потым зноў быў доўгі і цяжкі пераезд па чыгунцы. Палонных вярталася столькі, што Ганне давялося нават ехаць на вагонным счэпе. Аднак, галоўнае, яе шлях ляжаў на радзіму.

З вялікай радасцю сустрэла маці сваю дарагую дачушку. А ў хуткім часе вярнуўся з фронту і бацька. Жыццё пачало пакрыху наладжвацца.

Прайшло доўгіх семдзесят пяць гадоў, але і сёння пры ўспамінах цяжкага юнацтва на вачах састарэлай жанчыны выступаюць слёзы, бо такія пакуты забыць нельга. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.