У руках Алены Кароткай імідж выпускаемай прадукцыі ў Браслаўскім цэху па вытворчасці сыру

Люди
Каб галоўцы сыру трапіць на магазінныя прылаўкі і абедзенныя сталы, прадукту трэба прайсці няпросты шлях. І гэта звязана не толькі з яго прыгатаваннем, выспяваннем і фасаваннем. Нават гатовы сыр не заўсёды гатовы да рэалізацыі, бо галоўныя крытэрыі паставак у гандлёвыя сеткі нашай краіны і замежжа — якасць, бяспечнасць і адпаведнасць сучасным тэхнічным патрабаванням. Трымаць жа марку вытворцы — непасрэдная задача інжынера па якасці.

У іміджы выпускаемай прадукцыі ў Браслаўскім цэху па вытворчасці сыру ўпэўнены: гэты ўчастак давераны адказнаму і скрупулёзнаму работніку — Алене Кароткай. Акрамя таго, 11-гадовы стаж у сыраробстве і вучоба ў Гродзенскім аграрным універсітэце па спецыяльнасці «інжынер-тэхнолаг» дазваляе гаварыць пра ўжо трывалы вопыт і веданне сваёй справы.

Пачынала Алена працаваць лабарантам хіміка-бактэрыялагічнага аналізу. Цяпер у ланцугу выпуску гатовай прадукцыі займае надзвычай важную пасаду інжынера па якасці. Абавязкаў у А. Кароткай хапае. Яна плануе работу па павышэнні якасці бяспекі ўсёй прадукцыі цэха, кантралюе дзейнасць падраздзяленняў, у тым ліку адгрузку. Сачыць, каб сыр, тваражкі, смятана адпавядалі сучаснаму ўзроўню развіцця навукі і тэхнікі, патрабаванням спажыўцоў на ўнутраным рынку, экспартным стандартам, папярэджваць рэалізацыю прадукцыі, што не адпавядае тэхнічным нарматыўным прававым актам, — таксама задача інжынера. Больш за тое, спецыяліст сам прымае ўдзел у стварэнні стандартаў арганізацыі па кіраванні якасцю і бяспекай выпускаемай прадукцыі, падрыхтоўцы мерапрыемстваў, звязаных з укараненнем стандартаў і тэхнічных умоў, і распрацоўвае найбольш дасканалыя сістэмы і метады кантролю прадукцыі.

Дарэчы, на прадпрыемстве дзейнічаюць сучасныя сістэмы менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў і аўтаматызаваная электронная сістэма «Меркурый», якая дазваляе адсочваць шлях прадукцыі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Прасцей кажучы, расійскія партнёры загадзя ведаюць, які сыр прапануе цэх. Між іншым пастаўкі нашай прадукцыі за межы краіны ўзнавіліся з пачатку года. На сённяшні дзень браслаўскія вытворцы ажыццяўляюць экспарт у Маскву, Краснадар, Смаленск, а таксама Казахстан.

Падчас нашай размовы А. Кароткая якраз афармляла дакументацыю для экспарту ў Расію. Так, штодзень трэба праверыць знешні выгляд гатовай прадукцыі, стан упакоўкі, маркіроўкі, захавання, загрузкі і ўмовы транспарціроўкі. І толькі з дазволу інжынера па якасці любімыя малочныя прадукты трапяць да спажыўца. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.