У Віцебску ўзнагародзілі лепшых жывёлаводаў вобласці

Новости
Ужо другі год запар Віцебскі абкам прафсаюза работнікаў АПК ініцыіруе правядзенне мерапрыемства, на якім ушаноўваюць лепшых жывёлаводаў вобласці.

Сёлета на ўрачыстасць у абласны цэнтр прыехалі 150 лепшых работнікаў жывёлагадоўлі, сярод якіх — 6 браслаўчан. Гонару былі ўдастоены 5 работнікаў СВК «Маяк Браслаўскі»: аператары машыннага даення Жанна Грышчанка і Вераніка Жуцяйкіна, аператар па вырошчванні свіней Ядвіга Вашкевіч, аператар па вырошчванні БРЖ Ларыса Болер і аператар па штучным асемяненні жывёлы Людміла Сідарава, а таксама Алена Круміна — аператар па вырошчванні БРЖ з ААТ «Агравідзы».

Дарэчы, сярод узнагароджаных і прысутных у зале 70 % складалі менавіта прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Дзякуючы працы жанчын шмат у чым забяспечана харчовая бяспека краіны, а менавіта на іх плячах, акрамя працы, яшчэ і вядзенне хатняй гаспадаркі, выхаванне дзяцей. Шматдзетным мамам, якія выдатна зарэкамендавалі сябе ў жывёлагадоўчай галіне Віцебшчыны, уручыла заслужаныя ўзнагароды старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Галіна Жаланава. Сярод адзначаных была і браслаўчанка Ядвіга Вашкевіч.

Усім запрошаным жывёлаводам уручылі ганаровыя граматы і падзячныя лісты. Пасля цырымоніі ўзнагароджання для працаўнікоў сяла быў арганізаваны святочны канцэрт. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фото: vitbichi.by