У Браславе пачаўся знос незаконных хлеўчукоў па вул. Садовай

Дажынкі-2019 Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Як толькі растае снег і адступаюць замаразкі, традыцыйна наступае час навядзення парадку на зямлі. Сёлета ў рамках падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі» перад браслаўчанамі ўвогуле стаяць сур’ёзныя задачы.

Дзякуючы найперш намаганням жыллёва-камунальнай службы, грамадскасці падчас суботнікаў райцэнтр ужо прыемна змяняе свой знешні выгляд. Але, каб папрыгажэў літаральна кожны куточак нашага горада, пажадана практычна ўсім гараджанам больш пільным вокам паглядзець на свае будынкі, дваровыя тэрыторыі і ўключыцца ў агульную справу абнаўлення малой радзімы.

Пра гэта падчас сустрэч з насельніцтвам і гутараць прадстаўнікі міжведамасных рабочых груп, мясцовай улады і «Браслаў-камунальніка». Не скажаш, што праходзяць яны заўжды спакойна, але ў выніку канструктыўнай размовы ўсё ж такі дасягаецца агульная згода.

Так адбылося і пасля сустрэчы з жыхарамі дамоў нумар 37 і 39 па вул. Садовай. Асабліва востра ўспрымалі яны неабходнасць зносу састарэлых самавольных гаспадарчых пабудоў на дваровай тэрыторыі, але пагадзіліся з аргументамі прадстаўнікоў улады і многія паабяцалі: заўжды выходзілі талакой і цяпер выйдзем.

Прыемна, што гэтыя словы не засталіся пустым гукам. Цяпер, як бачна на здымку, гаспадары непрыглядных незарэгістраваных хлеўчукоў у вольны час самастойна іх разбіраюць, а тэхніка «Браслаў-камунальніка» вывозіць будаўнічыя адходы. ■

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.