На сцэне Браслаўскага РЦК адбылася прэм’ера дзіцячага спектакля «Царэўна Сунічка»

Отдых
Першае мерапрыемства маладога спецыяліста, рэжысёра Браслаўскага РЦК Карыны Пуйша адбылося на сцэне ўстановы. Спектакль для дзяцей «Царэўна Сунічка» стаў яе дэбютам і, трэба адзначыць, паспяховым.

Дзяўчына прыйшла ў РЦК пасля заканчэння Віцебскага каледжа мастацтваў: атрымала спецыяльнасць рэжысёра народных абрадаў і свят і вярнулася працаваць у родны горад. Ужо праз паўгода Карына дэбютавала ў ролі рэжысёра першага самастойнага спектакля. У ім узялі ўдзел культработнікі і выхаванцы тэатральнага гуртка «На біс». Усе акцёры выдатна справіліся са сваімі ролямі, а сам спектакль атрымаўся лёгкім, смешным і добрым. Яго адметнасцю стала інтэрактыўнасць: удзельнікі падтрымлівалі кантакт з маленькімі гледачамі, спявалі і танцавалі разам з імі. Варта адзначыць, што пастаноўка аўтарская. Сцэнарый К. Пуйша напісала разам са сваёй аднагрупніцай яшчэ падчас вучобы ў каледжы.

Як прызналася пасля прэм’еры Карына, яна вельмі хвалявалася перад сваім дэбютам і асабліва чакала рэакцыі гледачоў. Аднак па іх апладысментах было зразумела, што ўсё спадабалася, а значыць, прэм’ера прайшла добра! ■

Алена НАБЕЕВА.