У сяльгасарганізацыях Браслаўскага раёна прыступілі да сяўбы

Деньги

На фота: Леанід Аўчынка — адзін з найвопытнейшых механізатараў ААТ «Друйскі».

Вясна. Аграрыі вывелі на палеткі сваю тэхніку. З асаблівым пачуццём селі за баранкі механізатары гаспадарак, бо прыйшоў найбольш адказны час — закладка новага ўраджаю.

У апошнія дні сакавіка ў раёне пачалі ўздымаць глебу, падсяваць сенакосы і пашы, падкормліваць азімыя. Паралельна з гэтымі работамі стартавала сяўба збожжавых і зернебабовых культур. З агульнараённай плошчы 11 305 га самы вялікі клін — 2 045 га — плануецца засеяць у «Агравідзах», крыху меншы план у маякоўцаў — 1 519 га, па 1 411 га — у ААТ «Слабодка-агра» і «Друйскі». На раніцу ўчарашняга дня больш за ўсіх паклалі ў глебу зерня ў «Маяку» (213 га), таксама сяўбу яравых пачалі ў «Агравідзах» (187), «Браслаўскім» (153), «Мяжанах», «Друйскім», «Слабодцы-агра» і «Відзаўскім».

Дарэчы, раніцай аўторка была ў ААТ «Друйскі» і размаўляла з яго дырэктарам Аляксандрам Белюном, які падзяліўся сваімі планамі на бліжэйшы час. У прыватнасці, А. Бялюн адзначыў, што гаспадарка ўступае ў новы сельскагаспадарчы год у складзе холдынгу Полацкага КХП. У сувязі з такой рэарганізацыяй друйскія аграрыі спадзяюцца на пэўную падтрымку тэхнікай, палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі і кадрамі. Між тым першыя спробы дапамогі ўжо маюць месца на палях «Друйскага». Днямі з Полацкага КХП прыбыў «Кіравец» і энерганасычаны МТЗ-3522 з дзевяцікорпуснымі плугамі. Цяпер трактары апрацоўваюць палі Браслаўшчыны.

Увогуле палявыя работы пачаліся ў сельгаспрадпрыемстве 25 сакавіка з уздыму глебы, унясення калійных угнаенняў і падсеву траў. Сяўбу плануецца весці двума пасяўнымі агрэгатамі. Гэтую справу ў гаспадарцы даручылі найбольш адказным і вопытным механізатарам — Леаніду Аўчынку і Васілю Шаляпёнку. Дарэчы, Л. Аўчынка ўжо паспрабаваў свайго жалезнага каня на палетках. На днях да яго далучыцца калега. Разам яны плануюць засеяць 350 га рапсам, 450 — кукурузай і 1 400 — зерневымі культурамі.

Таксама А. Бялюн зазначыў, што работы будуць весціся ўвесь светлавы дзень, каб паспець пакласці зерне ў вільготную глебу і ўкласціся з сяўбой у кароткія тэрміны. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.