Як ідзе пасяўная ў КУСП «Браслаўскі», што ўвайшоў у склад інтэграцыйнай структуры

Экономика и финансы
Гаспадаркі нашага раёна пачалі сяўбу яравых. Усяго плануецца засеяць 14 255 га, з якіх 11 305 га — збожжавымі і зернебабовымі, астатнія плошчы адведзены пад крыжакветныя культуры і кукурузу. На раніцу ўчарашняга дня ў КУСП «Браслаўскі» зерне ў глебу ўжо лягло на 677 гектарах, што складае 75,5 % ад запланаваных плошчаў. Збожжавыя і зернебабовыя культуры занялі 364 га. Пра тое, як арганізаваны рабочы працэс у гаспадарцы, «Браслаўская звязда» высвятляла ў яе дырэктара Аляксандра Кірчанкі.

— Аляксандр Пятровіч, ведаю, што новы сельскагаспадарчы год вы пачалі ўжо ў складзе інтэграцыйнай структуры Глыбоцкага КЗ. Якія перспектывы бачыце ў далучэнні да яго?

— Так, вы маеце рацыю. Нядаўна мы завяршылі юрыдычныя працэдуры далучэння. На нашых землях ужо працуюць тры адзінкі тэхнікі, якую прыслалі з холдынга. Цяпер яны аруць далучаныя да нас у гэтым годзе землі. Безумоўна, спадзяюся на дапамогу ў вырашэнні найбольш складаных пытанняў, напрыклад, з набыццём мінеральных угнаенняў, сродкаў аховы раслін, паліва. Добра разумею, што гэта не зваліцца на нас з неба, але, калі мы станем працаваць у адной звязцы, зможам спадзявацца на большы ўраджай, якім і разлічымся.

— Раскажыце пра планы на перыяд пасяўной кампаніі.

— Як ужо адзначыў, у гэтым годзе наша гаспадарка зноў прырасла землямі «Браслаўскага райаграсэрвіса». Таму сеяць давядзецца значна больш, чым летась. Напрыклад, пад збожжавыя адвялі 500 га, 150 — пад рапс і 150 — кукурузу. З насенным фондам праблем няма. Купілі мы і 10 т элітнага ячменю. З першага дня сяўбы працуе пункт пратручвання насення.

— А якая тэхніка занята ў дадзены момант на палявых работах?

— На сяўбе задзейнічаны два энерганасычаныя трактары: з АПП-6 працуе Канстанцін Бурэль, а Валерый Даргель — з «Лемкінам». Яны і засеюць усе плануемыя плошчы.

Канстанцін Бурэль першым у КУСП «Браслаўскі» ўключыўся ў пасяўную кампанію.

Рыхтуюць глебу Вацлаў Сцілба, Яўген Пецюкевіч , Эдгар Лізанін і Ігар Бездзель.

Паралельна падсеў шматгадовых траў вядзе Пётр Бяспальчык.

Рабочы дзень пачынаецца ў 7 гадзін раніцы і доўжыцца да цемры. Наладжана двухразовае гарачае харчаванне з дастаўкай да месца работы. Механізатараў, якіх прыслаў на дапамогу холдынг, мы размясцілі ў асобнай кватэры, кормім, як і сваіх, два разы гарачым, а таксама выдаём сухпаёк.

— Дзякуй Вам за змястоўную размову.

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.