У першай гарадской школе правялі цікавае мерапрыемства для прыхільнікаў настольнага тэніса

Спорт и здоровье
У пачатку красавіка ў больш як двухстах краінах адзначаюць Міжнародны дзень настольнага тэніса. Спартыўнае свята дастаткова маладое і праводзіцца яшчэ толькі пяты раз. Але гэта не перашкаджае яго папулярнасці, бо розныя мерапрыемствы, дэманстрацыйныя ўрокі з удзелам прызнаных зорак, падрыхтоўчыя курсы прыцягваюць шмат аматараў. Рады прыхільнікаў гэтага віду спорту папоўнілі і вучні першай гарадской школы.

Ва ўстанове адукацыі падхапілі ідэю правядзення свята: адміністрацыя і педагогі вырашылі прыўнесці ў школьнае жыццё спартыўны дух і далучыць вучняў да настольнага тэніса.

У СШ № 1 хапае навучэнцаў, якія добра знаёмыя з гэтымвідам спорту: ім выпала абараняць гонар школы на раённых спаборніцтвах, куды і накіравалася ў мінулую суботу каманда на чале з настаўнікам фізкультуры і здароўя Дзянісам Лёўкіным. Яго ж калегі Віталь Вінэль і Аляксандр Крышталевіч правялі для вучняў, якія пажадалі ўзяць у рукі ракеткі, майстаркласы па настольным тэнісе. Дзяцей, якім падабаецца актыўны адпачынак, сабралася нямала, таму яны размеркаваліся на дзве групы: адна накіравалася ў спартыўную залу, а вучні з другой спачатку паўдзельнічалі ў інтэлектуальных выпрабаваннях, прысвечаных гэтаму займальнаму віду спорту. Затым навучэнцы памяняліся месцамі. Цікава ж было ўсюды.

Юныя знатакі ўспаміналі замежных і айчынных зорак тэніса, эмацыянальна разбіраліся ў яго тонкасцях, знаёміліся са спецыфічнымі асаблівасцямі спартыўнага рыштунку. У зале таксама хапала пачуццяў: азартна, захоплена, з вялікім энтузіязмам вучні прымаліся за гульню. Пасля праведзенага настаўнікамі азнаямленчага этапа там разгарэліся сур’ёзныя баталіі, у якіх дзяўчаты не саступалі хлопцам. Мячыкі настолькі хутка перамяшчаліся па сталах, што прысутныя не заўсёды паспявалі сачыць за імі.

Што ж, і праўда настольны тэніс — карысная гульня: мала таго, што ва ўдзельнікаў усе групы мышцаў задзейнічаны і каардынацыя развіваецца, дык нават у гледачоў вочы трэніруюцца. А дзеці тым часам не толькі добра правялі час, а і знайшлі новых сяброў: іх аб’яднаў займальны від спорту. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.