У Браслаўскім раёне падвялі вынікі вясенніх школьных алімпіяд

В свободное время
Не ўсе школьнікі падчас вясенніх канікул адпачывалі і весяліліся. Многія з іх у гэты час напружана працавалі, каб найлепшым чынам прадэманстраваць свае здольнасці на прадметных алімпіядах.

Сёлета ўдзел у іх прынялі 443 вучні з усіх устаноў адукацыі раёна. Такія інтэлектуальныя спаборніцтвы дапамагаюць выявіць самых здольных і адораных вучняў і стымулююць іх інтарэс да вучобы.

Вясеннія алімпіяды прайшлі па 17 вучэбных прадметах: беларускай, рускай і замежнай мовах і літаратурах, матэматыцы, фізіцы, біялогіі, інфарматыцы, працоўным навучанні, гісторыі, па прававых ведах і інш.

Як расказала загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела райвыканкама па адукацыі Святлана Кук’ян, па выніках інтэлектуальных спаборніцтваў 153 вучні атрымалі дыпломы, сярод іх 51 — за першае месца, столькі ж — за другое і трэцяе. Больш за ўсіх прызавых месц заваявала гімназія (45), СШ № 2 (38) і першая гарадская школа (28). Менавіта ў гэтых установах адукацыі было больш уладальнікаў дыпломаў першай ступені.

Сельскія вучні таксама ўпэўнена пакараюць прадметныя алімпійскія вяршыні. Так, відзаўскія школьнікі заваявалі 11 дыпломаў, вучні з Ахрэмаўцаў і Опсы — па дзесяць.

Сярод пераможцаў ёсць інтэлектуалы, якія набралі 90 і больш магчымых балаў па сваіх прадметах: пяцікласніцы з гімназіі Аліна Кузьміна і Яна Ластоўская, васьмікласнік Уладзімір Мацулевіч, з другой гарадской школы — чацвёртакласнікі Сямён Бяляўскі і Марыя Смірнова, пяцікласнік Максім Далецкі, васьмікласніца Паліна Лявонава (СШ № 1), чацвёртакласнік Валянцін Алёхна (Відзаўская СШ), сямікласнік Ігар Арэх (Ахрэмаўскі ЯССШ), пяцікласніца Лізавета Угарынка і сямікласніца Паліна Коман (Слабодкаўскі ЯССШ), пяцікласнік Арцём Балочка (Опсаўскі ЯССШ). А вось чацвёртакласнікі Мацвей Папкоў (СШ № 2) і Антон Бурэль (СШ № 1) па прадмеце «Мая Радзіма — Беларусь» увогуле выканалі ўсе заданні на 100 %.

Як паказвае практыка, большасць гэтых інтэлектуалаў потым паказваюць добрыя вынікі па прадметных алімпіядах для старшакласнікаў і годна прадстаўляюць раён на абласным і нават рэспубліканскім узроўнях. ■

Алена ПЯТУШКА.