У Браслаўскім раёне дзве гаспадаркі завяршылі пасяўную. Як справы ў астатніх?

Экономика и финансы
Пасяўная кампанія на Браслаўшчыне ў гэтым годзе ідзе хуткімі тэмпамі. Дзякуючы добраму надвор’ю і баявому настрою аграрыяў на раніцу 16 красавіка нават у нашым паўночным рэгіёне агрэгаты ўжо прайшлі палову палёў, а дакладней, 50,2 %, адведзеных пад збожжавыя.

ААТ «Бярозавы край» і КУСП «Браслаўскі» ўжо адсеяліся: збожжавымі і зернебабовымі культурамі там засеялі 989 і 539 га адпаведна, насенне крыжакветных культур увогуле пакладзена ў глебу на плошчы ў два разы большай, чым планавалася. Справа ў тым, што гэтыя сельгаспрадпрыемствы атрымалі дапамогу інтэграцыйных структур, у склад якіх яны ўвайшлі. Таму змаглі адсеяцца ў скарочаныя тэрміны.

У «Маяку Браслаўскім» на раніцу таго ж дня засеялі 1 466 га, або 96,5 % ад запланаванага, у «Агравідзах» — пакуль толькі 45,3 %. Але трэба разумець, што іх яравыя кліны самыя вялікія ў раёне.

Варта адзначыць, што ў «Альшанцы» да сяўбы ўвогуле пакуль не прыступілі. Доўга раскачваюцца і ў аграсэрвісе: там пакуль засеялі толькі 70 га.

Між тым у больш моцных гаспадарках ужо уносяць на палі арганіку і рыхтуюць глебу пад каралеву палёў — кукурузу, і пры павышэнні тэмпературы паветра пачнуць яе сяўбу. Таксама ў хуткім часе пачнуць аграрыі работы па доглядзе яравых пасеваў, а там не за гарамі і корманарыхтоўчая кампанія. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.