Тыдзень лесу: браслаўчане далучыліся да акцыі

Актуальное
Жыхары Браслаўшчыны далучыліся да акцыі «Тыдзень лесу – 2019». Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» даў жадаючым магчымасць прыняць удзел у маштабным рэспубліканскім мерапрыемстве.

Акцыю распачалі работнікі прыродаахоўнай установы. У першы ж дзень яны накіраваліся ў лес і высадзілі сеянцы і саджанцы елкі, сасны і бярозы. Праз некалькі дзён да іх далучыліся вучні з Відзаўскай, Опсаўскай, Дрысвяцкай, Кансталінскай школ і гарадскіх устаноў адукацыі. Пад кіраўніцтвам работнікаў лясной гаспадаркі яны высаджвалі «новых жыхароў» у розных лясніцтвах Браслаўскага раёна. Можна смела сцвярджаць, што ў многіх школьнікаў цяпер ёсць асабістае дрэўца, ды і не адно. Дапамагалі супрацоўнікам нацпарка і работнікі некаторых устаноў горада. Так, напрыклад, актыўны ўдзел у высадцы лесу прынялі пагранічнікі і работнікі Браслаўгаза, мытні, РАНС.

Усяго падчас «Тыдня лесу» на тэрыторыі нацыянальнага парка было высаджана маладзенькіх дрэўцаў на плошчы 30,7 га, дапоўнена ляснымі культурамі — 128,1 га. Гэтая высакародная справа праз пэўны час дасць свае вынікі, і на Браслаўшчыне зашуміць новы лес! ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.