Рэпартаж са свінакомплексу СВК «Маяк Браслаўскі»

Актуальное Экономика и финансы
Тэрыторыя свінагадоўчага комплексу СВК «Маяк Браслаўскі» — зона, куды трапіць староннім немагчыма. Строгі кантроль, звязаны з санітарнаэпідэміялагічнымі нормамі, якія выконваліся і раней, пасля ўспышкі чумы ў Беларусі і суседніх краінах стаў больш жорсткім. Цяпер будынкі, дзе трымаюць жывёлу, «закупораны» так, што ў прамым сэнсе нават муха не заляціць. Нядаўна ж скончылася капітальная рэканструкцыя вытворчых цэхаў свінакомплексу, і яго загадчыца, намеснік старшыні СВК па свінагадоўлі Людміла Арцем’ева, правяла цікавую экскурсію для «Браслаўскай звязды», мы ж у сваю чаргу прыадчынім дзверы ў святую святых і для нашых чытачоў.

Дарэчы, як і агульны малюнак убачанага. На тэрыторыі свінакомплексу маецца свой камбікормавы завод, а таксама «кухня», дзе кожны дзень па спецыяльным рацыёне рыхтуецца корм для гадаванцаў комплексу. Абслугоўваючыя машыны і трактары там рухаюцца толькі ўнутры агароджанай тэрыторыі.

Сістэма вываду арганічных адходаў арганізавана такім чынам, што яны не затрымліваюцца, а па трубах выводзяцца за агароджу, адкуль іх вывозяць на палеткі.

Кармленне жывёлы поўнасцю аўтаматызавана. Ля кожнага з цэхаў устаноўлены бункер, з яго па трубах па сігнале камп’ютара, які «бачыць», што неабходна новая партыя рацыёну, яна і падаецца. Такім чынам наладжана бесперапыннае кармленне свіней.

Усе без выключэння супрацоўнікі комплексу праходзяць медыцынскі агляд. Аператары, якія непасрэдна кантактуюць з жывёлай, перад тым, як увайсці ў цэх, мыюцца, праводзяць дэзынфекцыю і апранаюць чыстае адзенне. Калі, напрыклад, па якой-небудзь прычыне супрацоўніку трэба выйсці з цэха, а потым вярнуцца, ён абавязкова праходзіць зноў усе працэдуры «ачышчэння». Увогуле чысціня і адпаведнасць санітарным нормам там стаяць на першым месцы.

Цэх, з якога ўсё пагалоўе вывезена на забой, рамантуецца, дэзынфіцыруецца, беліцца, зноў дэзынфіцыруецца, выстойваецца пусты, а перад прыёмам новай партыі падаграваецца да тэхналагічнай тэмпературы. І гэты працэс зацыклены.

Паводле гігіенічных патрабаванняў, цэхі загерметызаваныя такім чынам, каб туды не змагла заляцець не толькі птушка, а нават дробязнае насякомае. Але ж уявіце сабе хлеў, дзе корміцца тысяча свіней, без малейшай прадушыны… Зразумела, такое немагчыма. Таму мікраклімат у памяшканнях падтрымлівае спецыяльная камп’ютарная праграма.

Шчыра кажучы, гэтаму комплексу хутчэй падыходзіць статус фабрыкі па вытворчасці свініны. Працэс бесперапынны і складаецца з двух этапаў. Усе цэхі падзелены на матачны, дзе гадуюцца, пакрываюцца і прыносяць прыплод свінаматкі, і дарошчвання і адкорму. Тэхналогія наступная: нованароджаныя парасяты пасля адведзеных ім 28 дзён для падсосу перавозяцца ў новы цэх, пераводзяцца на сухое кармленне і прыкладна праз 5 месяцаў набіраюць 90-100 кг вагі, якая патрабуецца для мясакамбінатаў.

Каб разумець маштабы вытворчасці, прывяду некаторыя лічбы. На свінакомплексе на пачатак красавіка ўтрымлівалася 22 276 галоў. Матачнае пагалоўе складае больш за 2 тысячы. За студзень-люты бягучага года валавая прывага ўсёй жывёлы склала 708,8 тоны пры сярэднясутачнай 666 грамаў. Прададзена 691 тона мяса і атрымана 7 440 галоў прыплоду. Пагадзіцеся, уражвае.

Па выніках работы за студзень у вобласці першае месца аддадзена Алене МАЯКІНАЙ, аператару па вырошчванні і адкорме свіней СВК «Маяк Браслаўскі», якая дабілася 789 грамаў сярэднясутачнай прывагі ад сваіх падапечных.

Як адзначыла Людміла Антонаўна, рэканструкцыя цэхаў вялася не толькі з мэтай абароны ад чумы і іншых хвароб: паралельна ішло і ўдасканаленне тэхналогіі вырошчвання пагалоўя. Дык вось скажу, што комплекс СВК «Маяк Браслаўскі» ў гэтым накірунку максімальна набліжаны да еўрапейскіх. Нездарма ж ён рэгулярна трымаецца ў дваццатцы лепшых комплексаў у рэспубліцы і ў пяцёрцы ў вобласці. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.