На канікулах у СШ №2 правялі Тыдзень дзіцячай кнігі і музыкі

В свободное время
Цікава і насычана праходзіў Тыдзень дзіцячай кнігі і музыкі ў другой гарадской школе. Кожны дзень вучні прыходзілі ў сваю ўстанову адукацыі, каб паўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах і даведацца пра нешта новае.

Пачаўся тыдзень з літаратурна-музычнай кампазіцыі «Ляцяць журавы», прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Наступны дзень быў прысвечаны Году малой радзімы: у фае школы разгарнулася выстава дзіцячых малюнкаў, на якіх хлопцы і дзяўчаты адлюстравалі самыя прыгожыя мясціны роднага краю. Але большую ўвагу прыцягвала да сябе фотазона «Браслаўшчына азёрная мая», на адкрыццё якой запрасілі вучняў сярэдніх класаў і настаўнікаў. Зразумела, наш багаты вадаёмамі край немагчыма ўявіць без турыстычных паходаў і рыбалкі, таму менавіта гэтую тэматыку ўвасобілі школьнікі і педагогі ў фотазоне.

На мерапрыемстве настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мая Кандрацьева пазнаёміла прысутных з тэзісамі навукова-практычнай работы пра назвы, паходжанне і знаходжанне меляў на азёрах Дрывяты і Снуды. Трэба адзначыць, што яе сумесная праца з вучнем 9 класа Дзянісам Мацешам вельмі цікавая і карысная, асабліва для рыбакоў.

Пасля прэзентацыі школьнікі з задавальненнем фатаграфаваліся ў незвычайным турыстычным кутку. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.