Надзейныя памочніцы. Як жыве шматдзетная сям’я, у якой гадуюцца 5 дачок

Власть и общество
Для большасці людзей сям’я асацыіруецца з домам, падмурак якога закладваецца на любові і пяшчоце, сцены — на адказнасці і надзейнасці, а вокны — гэта дзеці, якія дораць святло і цяпло. У сям’і Аўчынкаў з агр. Друйск хата свеціцца радасцю і шчасцем, бо ў Ірыны і Леаніда — аж пяць дачок.

Некаторыя лічаць, што дзеці не даюць магчымасці бацькам жыць для сябе, а вось мае субяседнікі прытрымліваюцца зусім іншага меркавання. Яны самі выраслі ў шматдзетных сем’ях, таму і сваю адразу планавалі вялікай і дружнай. Так і сталася. Старэйшая Наталля ўжо выпырхнула з роднага гнязда, у яе свой сямейны ачаг, які яна захоўвае па прыкладзе і на традыцыях сваіх бацькоў. Алёна другі год у Мінскім каледжы вывучае спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага. Творчая і актыўная дзяўчына не толькі добра вучыцца, але і з задавальненнем удзельнічае ў грамадскім жыцці навучальнай установы. Галоўнае, лічыць яна, не стаяць у баку ад цікавых і карысных спраў.

У Ані сёлета складаны і напружаны перыяд, бо выпускніца Друйскай школы стаіць на парозе дарослага жыцця. І ўсе яе думкі, памкненні і намаганні скіраваны на ажыццяўленне планаў. Вясёлым званочкам гучыць у доме радасны галасок пяцігадовай Соні. Малая нядаўна пайшла ў дзіцячы садок і з запалам расказвае пра новых сяброў, заняткі і выхавальніцу. Разважлівай Насці толькі два з паловай годзікі, але яна здзіўляе сваімі сур’ёзнымі выказваннямі і размеранасцю ў паводзінах.

— Зразумела, — кажа Ірына, — клопату хапае, але калі ў доме пануе згода, ніхто не перакладвае свае абавязкі на іншых, то любыя справы робяцца хутка і якасна.

З гонарам расказвае пра сваю сям’ю і Леанід. Старэйшыя дочкі, адзначае бацька, добрыя і надзейныя памочніцы і ў хаце, і па гаспадарцы. Яны і меншых сястрычак дагледзяць, і маці на кухні дапамогуць, і ў пакоях парадак навядуць.

У вялікай сям’і, упэўнены муж і жонка Аўчынкі, без уласнай гаспадаркі не абысціся. Зразумела, работы хапае, але вынік таго варты. Малако, тварог, масла, смятана — усё са свайго падвор’я.

А гаспадарка, трэба сказаць, немалая: чатыры дойныя каровы, парасяты, цяляты, агарод ды яшчэ на полі не адзін дзясятак сотак зямлі.

Усе дні нараджэння і каляндарныя святы Аўчынкі адзначаюць разам, запрашаюць яны да сябе і шматлікую радню. І гэта не проста пасядзелкі за сталом, хоць і багата ўстаўленым смачнымі стравамі. Кожнае сямейнае свята становіцца цікавым забаўляльным мерапрыемствам, дзе дзеці і дарослыя паказваюць невялікія сцэнкі, разам ладзяць разнастайныя конкурсы і гульні. Такі сумесны адпачынак, лічаць бацькі, заўсёды збліжае і дапамагае зразумець унутраны свет і погляды адзін аднаго.

Словам, Аўчынкі — звычайная сялянская сям’я, якая жыве сваімі радасцямі і клопатамі, поспехамі і няўдачамі і дзе цэніцца кожная хвіліна, праведзеная разам. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.