Мёртвая цішыня панавала ў бязлюдных вёсках. Браслаўчанін расказаў пра камандзіроўку ў Чарнобыльскую зону

Власть и общество
З першых дзён катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у барацьбу з нябачным, але небяспечным ворагам уступілі людзі розных прафесій. Нямала ў гэтай схватцы паўдзельнічала і браслаўчан. Былі сярод іх таксама супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўвалі выселеныя вёскі. У склад зводнага атрада міліцыянераў трапіў і наш зямляк Мікалай Ананіч.

— У сярэдзіне лістапада, — узгадвае мужчына, — мяне з калегам накіравалі спачатку ў Віцебск. Там нам выдалі салдацкую форму, пасля чаго атрад, у які ўваходзіла каля 30 чалавек, адправілі ў пасёлак Савічы Брагінскага раёна.

Месца дыслакацыі знаходзілася не далей за трыццаць кіламетраў ад асноўнага рэактара, а калі па прамой, то і наогул каля дзесяці. Размясціліся міліцыянеры ў будынку мясцовай школы, дзе былі пастаўлены ложкі. З таго дня арганізм здаровых мужчын на працягу месяца штодзень атрымліваў порцыю выпраменьвання. Як адзначае суразмоўца, адчувалася гэта толькі сухасцю і металічна-салодкім прысмакам у роце.

Праз суткі экіпаж з двух чалавек на УАЗах аб’язджаў пэўную тэрыторыю, якая была абнесена калючым дротам, і ахоўваў на ёй уласную і дзяржаўную маёмасць.

— Усім жыхарам, — кажа М. Ананіч, — давялося ў спешцы пакінуць свае дамы. І мы іх абыходзілі, каб не дапусціць марадзёрства.

З сумам узгадвае «чарнобылец» хаты, у якіх засталіся рэчы, адзенне, нават прадукты ў халадзільніках і склепах. Прыгнятала і мёртвая цішыня, што панавала ў бязлюдных вёсках. Метавіта ў «мёртвай» зоне Мікалай упершыню ўбачыў аўтамабільныя «могілкі». Разнастайная тэхніка проста была пакінута на палях і дарогах. Шкадаванне выклікала і свойская жывёла, сабакі, якія бадзяліся па пустынных паселішчах і нават паспелі адзічэць.

Не сакрэт, што не ўсе пакінулі свае родныя дамы. Засталася ў пасёлку і адна смелая бабуля. Хадзіла яна, расказвае М. Ананіч, у салдацкай форме, жыла ў сваёй хаце. Ахоўнікі «мёртвай» зоны шкадавалі яе і пастаянна дапамагалі ежай.

Так цэлы месяц браслаўчанін нёс службу ў мясцовасці, насычанай радыенуклідамі, і зусім не думаў, ды і мала ведаў пра яе небяспечныя наступствы.

Сёння ўжо пенсіянер М. Ананіч з усмешкай узгадвае сваю «чарнобыльскую» камандзіроўку і дзякуе лёсу, што яго здароўе сур’ёзна не пацярпела. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.